Новы патрыятычны працоўны праект БРСМ «Зімовы маршрут» працягваюць увасабляць у жыццё ў Віцебскай вобласці
– Наш атрад «Першы крок» аб'яднаў 21 лепшага байца студатрадаў БарГУ, ВГУ імя П. Машэрава, ВГАВМ, а таксама Полацкага дзяржуніверсітэта, на базе якога і быў сфарміраваны, – расказаў камандзір Уладзіслаў Шынкевіч. – Наперадзе ў нас яшчэ сотні кіламетраў шляху, дзясяткі добрых спраў і сустрэч. Спецыяльна для праекта распрацоўвалася серыя патрыятычных пазлаў, якія папулярызуюць сімвалы незалежнай Беларусі – дзяржаўны герб і сцяг, а таксама размалёвак «Беларусь памятае». Тое, што мы робім, вельмі важна перш за ўсё для нас саміх, для падрастаючага пакалення. Лічу, што дадзены праект павінен стаць традыцыйным.
Эмацыянальна і запамінальна прайшлі сустрэчы студатрадаўцаў з дубровенскімі і асінторфскімі школьнікамі. Для іх байцы правялі трэнінгі, забаўляльныя і спартыўныя гульні, інтэрактыўныя заняткі па ЗЛЖ, майстар-класы, прафарыентацыйныя лекцыі, прадставілі відэапрэзентацыі. Вялікая ўвага была нададзена гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Па ходзе маршруту ўдзельнікі праекта правялі працоўныя акцыі па ўборцы снегу ў Парку воінскай славы ў Дубровне, на тэрыторыях помніка асінторфскім падпольшчыкам у аг. Буда, воінскага пахавання «Брацкая магіла» у аг. Асінторф. Таксама аказалі неабходную дапамогу пажылым людзям у добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, колцы дроў і інш. А ўвечары для ўсіх жадаючых студэнты праводзілі канцэртныя праграмы.
Патрыятычны працоўны чэлендж атрад «Першы крок» працягнуў на Аршаншчыне 27 студзеня. Тут прайшлі сустрэчы з навучэнцамі гарадской школы №20, працоўныя акцыі па ўборцы снегу на воінскіх пахаваннях і абелісках. Не абышлося без шэфскай дапамогі, канцэртаў і экскурсій. У прыватнасці, байцы студатрадаў наведалі Аршанскі льнокамбінат.
А сёння ў планах у лідараў студэнцтва – насычаная праграма ў вёсцы Юрцава Аршанскага раёна, падчас якой байцы сустрэнуцца з дзецьмі і моладдзю, дапамогуць пажылым, аддадуць даніну памяці і павагі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Завершаць дзень наведванне Лакаматыўнага дэпо Орша імя К. С. Заслонава і масавае катанне на Лядовай арэне.
Фінальнай кропкай «Зімовага маршруту» атрада «Першы крок» стане Талачын. На яго карце – шэраг знакавых месцаў і займальных сустрэч.
Нагадаем, што новы патрыятычны працоўны праект рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ рэалізоўваецца на тэрыторыі Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей і фінішуе 30 студзеня.