Новы праект ЕС дапаможа Полацку стаць энергаэфектыўным горадам
16 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацк уключыўся ў рэалізацыю новага праекта Еўрасаюза "SURE - Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства". Першая рабочая сустрэча партнёраў праекта завяршылася ў нямецкім горадзе Фрыдрыхсхафене, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме.
Праект будзе рэалізоўвацца ў рамках праграмы ЕС "CIUDAD - Супрацоўніцтва і дыялог у сферы гарадскога развіцця". Партнёрамі Полацка сталі адміністрацыі гарадоў Мурсія (Іспанія), Сале (Марока), а таксама Агенцтва развіцця рэгіёна Сардзінія (Італія). У якасці вядучага партнёра выступае адміністрацыя Фрыдрыхсхафена - горада-пабраціма Полацка. Усе мерапрыемствы, запланаваныя для Полацка, будуць таксама праводзіцца і ў мараканскім горадзе Сале. На працягу двух з паловай гадоў Фрыдрыхсхафен і Мурсія будуць дзяліцца з Полацкам і Сале сваім вопытам і напрацоўкамі па ўкараненні энергазберагальных тэхналогій і выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі.
У працэсе рэалізацыі праекта партнёраў будуць падтрымліваць аддзел па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, Цэнтр па развіцці аднаўляльнай энергетыкі Каралеўства Марока, Канферэнцыя марскіх перыферыйных рэгіёнаў (Францыя) і іншыя рэгіянальныя і нацыянальныя структуры, якія займаюцца пытаннямі рэгіянальнага развіцця і энергетыкі. Фінансаванне праекта будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў Еўрасаюза.
"Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства" з'яўляецца часткай так званага Пакта мэраў - еўрапейскага праекта, які на лакальным узроўні дазваляе вырашаць глабальныя экалагічныя праблемы і, у прыватнасці, дамагчыся зніжэння на 20% да 2020 года выкідаў у атмасферу вуглякіслага газу. Інструментам рэалізацыі гэтага плана з'яўляецца абмен перадавым вопытам энергазберажэння. Акрамя таго, удзел у "Пакце мэраў" адкрывае доступ да рэсурсаў, якія забяспечваюць выкананне палітыкі ЕС у галіне клімату і аховы навакольнага асяроддзя.
Спіс удзельнікаў "Пакта мэраў" уключае каля 500 еўрапейскіх гарадоў. Плануецца, што ўжо ў бягучым годзе да яго далучыцца першы беларускі горад - Полацк. Для горада будзе распрацаваны план дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці да 2020 года, праведзены трэнінгі і канферэнцыі па пытаннях энергаэфектыўнасці і выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі. У праекце запланавана правядзенне "энергетычных дзён" і інфармацыйных кампаній, а таксама пілотныя мерапрыемствы, падчас якіх найноўшыя еўрапейскія энергазберагальныя тэхналогіі будуць укаранёны на аб'ектах сацыяльнай інфраструктуры. Па выніках праекта будзе арганізавана міжрэгіянальная канферэнцыя для ўсяго рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства, на якой Полацк падзеліцца вопытам па ўстойлівым энергаэфектыўным планаванні з іншымі гарадамі рэгіёна.-0-