Новы праект ПДУ: лабараторыя віртуальнай рэальнасці адкрывае таямніцы старажытных сутарэнняў езуіцкага калегіума
– Мы вас туды зараз пагрузім! – кажа дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій ПДУ Аксана Голубева, прапаноўваючы выпрабаваць адчуванні віртуальнага падарожжа.
На вочы мне надзяваюць спецыяльныя акуляры, на рукі – тактыльныя пальчаткі. І перамяшчэнне са звычайнай універсітэцкай аўдыторыі ў загадкавыя падземныя лабірынты адбываецца ў адно імгненне. Тут усё, як наяве: шматвяковыя каменныя сцены, масіўныя скляпеністыя столі, містычная атмасфера з сюрпрызамі ў выглядзе шкілета, які выглядае з-за павароту.
Каб рухацца ў гурме цемры, трэба ўзяць прыгатаваную ля ўваходу свечку і слухаць далейшыя ўказанні. Задача зразумелая: мы адпраўляемся на пошукі скарбу. Па шляху знаходзім старадаўні каваны ключ і спрабуем здагадацца, што ён адчыняе. Адна, другая, трэцяя спроба – і вось ён, запаветны куфар, дзе схаваны таямнічы скрутак. «Scientia vincere tenebras», – гаворыцца ў надпісе на грамаце. У перакладзе з латыні: «Веданнем перамагаць цемру». Гэта і ёсць шлях, які вядзе да поспеху.
Першай ластаўкай у распрацоўцы праграмных прадуктаў віртуальнай рэальнасці на факультэце інфармацыйных тэхналогій ПДУ стала выкананне летась замовы для УП «Віцебскаблгаз». Пад кіраўніцтвам Аксаны Голубевай студэнты і магістранты ФІТ стварылі для прадпрыемства віртуальны трэнажор для навучання персаналу, які абслугоўвае гарадскія газарэгулятарныя пункты. Паспяховы вопыт стаў стымулюючым фактарам для працягу даследаванняў. Факультэт інфармацыйных тэхналогій размяшчаецца ў корпусах гісторыка-архітэктурнага помніка – былога езуіцкага калегіума, які пасля рэстаўрацыі ператварыўся ў запатрабаваны турыстычны комплекс. Сярод самых папулярных – экскурсія па сутарэннях. Дык чаму б не стварыць яе віртуальны варыянт у форме займальнага квэста?
Попыт запытаў спарадзіў прапанову. Распрацоўкай інавацыйнага праекта займаліся студэнты другога курса Віталь Кузьміч і Дзмітрый Вальковіч у супрацоўніцтве з турыстычным цэнтрам ПДУ. А спецыяльнае абсталяванне для лабараторыі віртуальнай рэальнасці ўніверсітэт закупіў сумесна з IT-кампаніямі Andersen і ITS Partner.