Новы праект «Славянскі благавест» з'явіцца ў праграме «Славянскага базару ў Віцебску 2019»

У праграму асноўных мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю мастацтваў уключаны новы праект – фестываль харавой музыкі «Славянскі благавест». Яго ініцыятарам стала дырэкцыя форуму, якую падтрымалі кіраўнік Беларускага экзархата мітрапаліт Павел і архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый.

Свята духоўнай музыкі пройдзе 14 і 15 ліпеня. Яго адкрыццё і закрыццё адбудуцца ў Свята-Успенскім кафедральным саборы, а канцэрты харавых калектываў – на розных пляцоўках горада. Плануецца, што ў «Славянскім благавесте» возьмуць удзел прадстаўнікі розных краін, зараз па гэтым пытанні вядуцца перамовы з замежнымі партнёрамі форуму.

Як адзначаюць у дырэкцыі, духоўная музыка прыўнясе свае фарбы ў фестывальную палітру. Сімвалічна, што завяршальны акорд «Славянскага благавеста» прагучыць перад канцэртам закрыцця форуму мастацтваў.

Да новаўвядзенняў «Славянскага базару» можна аднесці і незвычайны канцэрт, які злучыць зорак сусветнай оперы і року. У праграму таксама ўвайшлі выступленні каманд Вышэйшай лігі КВЗ, лядовае і цыркавое шоу, джазавыя вечары і многае іншае.

"Віцебскія весці".