Новы рэктар мае намер зрабіць БДТУ вядучым сярод тэхнічных ВНУ краіны

Новый ректор намерен сделать ВГТУ ведущим среди технических вузов страны

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт узначаліў прафесар, доктар тэхнічных навук Андрэй Кузняцоў. 

Новага рэктара прафесарска-выкладчыцкаму складу прадставіў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў, які адзначыў, што Андрэя Аляксандравіча добра ведаюць у калектыве ВНУ. Да прызначэння на пасаду ён на працягу пяці гадоў быў загадчыкам кафедры «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей» БДТУ, а ва ўніверсітэце працуе з 1993 года. Андрэй Кузняцоў – выпускнік Ваеннага інжынерна-касмічнага Чырвонасцяжнага інстытута ім. А. Мажайскага: у 1992 годзе ён атрымаў спецыяльнасць «Радыёэлектронныя сродкі». У 2007-м скончыў дактарантуру Маскоўскага дзяржаўнага тэкстыльнага ўніверсітэта ім. А. Касыгіна і паспяхова абараніў дысертацыю на саiсканне вучонай ступені доктара.

Напутваючы новага кіраўніка, міністр агучыў актуальныя для сучаснай сістэмы адукацыі ў цэлым і вышэйшай школы ў прыватнасці праблемы, акрэсліў перспектыўныя напрамкі развіцця ВНУ, падкрэсліў, што быць кіраўніком універсітэта – ганаровая, важная, але вельмі цяжкая праца.


– Пра гэта як ніхто іншы ведае легендарны рэктар Валерый Сцяпанавіч Башметаў. У сістэме адукацыі цяжка знайсці чалавека, які на працягу столькіх гадоў служыў свайму ўніверсітэту, нашай рэспубліцы, – адзначыў Міхаіл Жураўкоў. 

Ён уручыў Валерыю Башметаву, які больш за 23 гады ўзначальваў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, вышэйшую ўзнагароду Міністэрства адукацыі – падзяку міністра і імянны падарунак – гадзіннік.

У сваім прывітальным слове ў якасці кіраўніка ВНУ Андрэй Кузняцоў падзякаваў за высокую ацэнку яго дзейнасці і аказаны давер пры прызначэнні на пасаду, а таксама адзначыў, што Валерый Башметаў, доўгія гады знаходзячыся на капітанскім мастку БДТУ, як бы цяжка ні было, заўсёды вытрымліваў курс, які дазваляў універсітэту развівацца. Новы рэктар выказаў надзею на падтрымку калектыву і запэўніў, што прыкладзе ўсе намаганні,

каб навучальная ўстанова стала вядучай сярод тэхнічных ВНУ краіны. «Будзем працаваць!» – коратка завяршыў сваё выступленне Андрэй Аляксандравіч.

Наталля Камлёва. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».