Новы рэнтгенадыягнастычны комплекс усталяваны ў Лепельскай раённай бальніцы

Новый рентгенодиагностический комплекс установлен в Лепельской районной больнице
У Лепельскай ЦРБ усталяваны новы рэнтгенадыягнастычны комплекс. Комплекс «Уніэксперт 3 плюс» коштам 300 тыс. рублёў выраблены ў Беларусі фірмай ADANI і прызначаны для шырокага спектру рэнтгенаўскіх даследаванняў.

– Ад папярэдняга ён адрозніваецца тым, што не патрабуе рэнтгенаўскай плёнкі: інфармацыя пераводзіцца ў лічбавы фармат. Яе бачаць лабарант, які зрабіў здымак, і ўрач-рэнтгенолаг на камп'ютары ў сваім кабінеце. Такі лічбавы здымак пры неабходнасці мы можам перадаць як па лакальнай сетцы ў бальніцы, так і ў іншую медыцынскую ўстанову нават за межы Беларусі, – адзначыў галоўны ўрач Лепельскай ЦРБ Ілья Шэндалесаў.

– Трэба прасоўваць сучасныя медыцынскія тэхналогіі ў глыбінку, каб чалавек атрымліваў неабходную дыягностыку ў тым рэгіёне, дзе ён жыве, і сельскаму жыхару не даводзілася для гэтага ехаць у абласны цэнтр. Кваліфікацыя ў лепельскіх урачоў дастатковая, ім не хапала толькі высокакласнага абсталявання, – сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Юрый Дзеркач.

Увесці ў эксплуатацыю рэнтгенадыягнастычны комплекс плануюць да Дня Перамогі, а да восені – купіць УГД-апарат шырокага профілю, на якім можна будзе даследаваць сэрца і брушную поласць, шчытападобную залозу і органы малога таза. Акрамя гэтага галоўны ўрач намеціў бягучы рамонт у прыёмным аддзяленні і закупку дзвюх адзінак тэхнікі для паліклінічнага аддзялення.

"Віцебскія весці".