Новы рэзідэнт СЭЗ "Віцебск" інвесціруе ў стварэнне вытворчасці дзвярных канструкцый больш за 10 млн. еўра
25 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Новы рэзідэнт СЭЗ "Віцебск" - замежнае прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "ПОРТА КМІ Бел" - плануе накіраваць больш за 10 млн. еўра на арганізацыю вытворчасці дзвярных канструкцый і іншых сталярных вырабаў. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей адміністрацыі СЭЗ Алег Кандратовіч.
Інвестыцыйны праект прадугледжвае стварэнне вытворчасці дзвярных палотнаў і скрынак для ўваходных, унутраных і міжпакаёвых дзвярэй па тэхналогіі польскай фірмы PORTA KMI Poland Sp. z o.o., якая выступае заснавальнікам новага рэзідэнта СЭЗ. Асноўная частка інвестыцый будзе накіравана на будаўніцтва завода і яго аснашчэнне высокатэхналагічным абсталяваннем. Вытворчы модуль агульнай плошчай каля 10 тыс. кв.м плануецца ўзвесці ў 2010-2011 гадах на тэрыторыі былога аэрадрома, якая ўваходзіць у склад СЭЗ. У ходзе рэалізацыі праекта прадугледжваецца стварэнне не менш за 90 працоўных месцаў.
Да вытворчай дзейнасці інвестар плануе прыступіць у 1 квартале 2012 года. Комплексныя дзвярныя сістэмы могуць выкарыстоўвацца як у жыллёвым будаўніцтве, так і пры ўзвядзенні грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў. Асноўнай сыравінай для вытворчасці прадукцыі стане ДСП і ХДФ (драўняна-валакністая пліта высокай шчыльнасці). Аб'ём выпуску пры выхадзе прадпрыемства на поўную праектную магутнасць складзе амаль 250 тыс. камплектаў дзвярэй у год на суму звыш 35 млн. еўра. Больш за 70% прадукцыі плануецца пастаўляць на экспарт у асноўным у Расію і на Украіну, астатнія 30% рэалізоўваць на ўнутраным рынку, дзе няма аналагічнай вытворчасці.
СЭЗ "Віцебск" утворана 4 жніўня 1999 года. У цяперашні час у СЭЗ зарэгістравана 35 рэзідэнтаў з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Расіі, Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Чэхіі, Польшчы. Прадпрыемствы-рэзідэнты выпускаюць прадукцыю паліўнай, хімічнай, лёгкай прамысловасці, машынабудавання, асвоілі вытворчасць прадуктаў харчавання і займаюцца навуковымі распрацоўкамі. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс. га.-0-