Новы рэзідэнт СЭЗ "Віцебск" накіруе $18 млн. на развіццё перавозак і транспартна-экспедыцыйных паслуг

12 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Новы рэзідэнт СЭЗ "Віцебск" - ТАА "Грузавая служба" - плануе развіваць грузаперавозкі і аказваць транспартна-экспедыцыйныя паслугі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў інвестыцыйна-эканамічным упраўленні адміністрацыі СЭЗ.

Аб'ём інвестыцый у рэалізацыю праекта складзе $18 млн., якія будуць накіраваны ў асноўным на набыццё рухомага саставу (чыгуначных паўвагонаў, фітынгавых платформ і цэментавозаў). Прадпрыемства, створанае з удзелам беларускага інвестара, мае намер актыўна развіваць грузаперавозкі па экспартных кантрактах, а таксама будзе аказваць паслугі па арэндзе рухомага чыгуначнага саставу. Акрамя таго, адным з напрамкаў дзейнасці "Грузавой службы" стане аказанне транспартна-экспедыцыйных паслуг, якія ўключаюць планаванне аптымальнага маршруту з улікам перасячэння межаў дзяржаў у зручнай мытнай кропцы, падбор транспарту патрэбных параметраў, а таксама шэраг суправаджальных паслуг.

Праект мае экспартную накіраванасць, паслугі плануецца аказваць нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з Расіі, іншых краін СНД і Балтыі.

ТАА "Грузавая служба" стала другім рэзідэнтам віцебскай СЭЗ, які будзе працаваць на новай пляцоўцы "Паўднёвая" у Оршы. Гэтая пляцоўка складаецца з трох сектараў "Паўночны прамысловы вузел" (Орша), "Лёс" (Барань) і "Авіярамонтны завод" (г.п. Балбасава) агульнай плошчай больш за 520 га і ўключана ў склад СЭЗ "Віцебск" указам Прэзідэнта Беларусі № 674 ад 24 снежня 2010 года. У выніку пашырэння межаў СЭЗ у яе склад увайшлі таксама сектары, размешчаныя ў Віцебску. У выніку агульная плошча тэрыторыі СЭЗ "Віцебск" складае больш за 2,1 тыс.га і ўключае 12 сектараў, якія размешчаны ў гарадской рысе Віцебска, Пастаў, Оршы, Барані, гарадскога пасёлка Балбасава (Аршанскі раён), а таксама ў Віцебскім раёне.

СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 42 інвестыцыйных праекта. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці.-0-