Новы рэзідэнт СЭЗ "Віцебск" накіруе каля 3,2 млн. еўра на арганізацыю вытворчасці звадкаваных газаў
21 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю "ТрансЭкспедыцыя", зарэгістраванае ў якасці рэзідэнта СЭЗ "Віцебск", плануе інвеставаць у арганізацыю вытворчасці звадкаваных вуглевадародных газаў 3,2 млн. еўра. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей Віцебскай СЭЗ.
Бізнес-план інвестпраекта прадугледжвае развіццё вытворчасці звадкаваных вуглевадародных газаў для аўтамабіляў і камунальна-бытавога спажывання, а таксама аказанне транспартна-экспедыцыйных паслуг па перавозцы прадукту канчатковаму спажыўцу. Праект цалкам адпавядае прад'яўляемым у Беларусі патрабаванням па экалагічнай і тэхналагічнай бяспецы. Пры выхадзе на поўную вытворчую магутнасць новы рэзідэнт мяркуе вырабляць 1,2 тыс. т прадукцыі ў месяц. Больш за 70% прадукцыі плануецца экспартаваць у краіны далёкага замежжа.
У СЭЗ "Віцебск" гэта будзе першы праект з удзелам інвестараў з Галандыі і Ізраіля.
Звадкаваныя вуглевадародныя газы ў прамысловасці выкарыстоўваюцца ў вытворчасці пластычных мас, сінтэтычных каўчукоў і араматычных вуглевадародаў, для зваркі і рэзкі металаў, а ў апошнія гады сталі шырока ўжывацца як паліва для транспартных рухавікоў. Аб'ёмы вытворчасці звадкаваных вуглевадародных газаў у свеце пастаянна растуць і стымулююцца попытам на гэту альтэрнатыўную крыніцу паліва і энергіі з-за яго таннасці адносна падобных аналагаў, а таксама папулярнасці з экалагічнага пункту гледжання.
СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. У цяперашні час у СЭЗ зарэгістравана 38 рэзідэнтаў, з якіх больш за 60% сумесных і замежных прадпрыемстваў, створаных з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс. га.