Новы спартыўны комплекс адзінаборстваў "Алімпіец" адкрываецца ў Полацку

8 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Юныя полацкія барцы напярэдадні зімовых святаў атрымаюць цудоўны падарунак - новы спартыўны комплекс адзінаборстваў "Алімпіец". Яго адкрыццё пройдзе 9 снежня, распавёў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела спорту і турызму Полацкага гарвыканкама Леанід Зайцаў. Комплекс аб'яднае пад адным дахам барцоўскую залу, залу гульнявых відаў спорту, трэнажорную залу, аднаўленчы цэнтр з саўнай, басейнам, масажным кабінетам. Адначасова тут могуць займацца каля ста юных спартсменаў, прычым не толькі барцоў, але і вясляроў - выхаванцаў спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву. Наведваць цэнтр змогуць і палачане, якія імкнуцца да актыўнага адпачынку: для іх будуць працаваць спартыўныя і аздараўленчыя платныя секцыі. Будаўніцтва комплексу было прадугледжана комплекснай праграмай развіцця Полацка на перыяд да 2012 года і ўключана ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму. На яго ўзвядзенне з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў накіравана каля Br4 млрд. Як адзначыў Леанід Зайцаў, "Алімпіец" - першы, але не адзіны спартыўны аб'ект, увод якога прадугледжаны комплекснай праграмай. Ужо пачаты работы па будаўніцтве веславой базы, на яе стварэнне прадугледжана накіраваць каля Вr13 млрд. Як чакаецца, вясляры змогуць трэніравацца ўжо вясной 2011 года. Яшчэ адзін буйны аб'ект - Палац гульнявых відаў спорту - будзе ўведзены ў строй у 2012 годзе.-0-