Новы спорткомплекс адкрыўся ў Віцебску
Спартыўны аб'ект з'явіўся на праспекце Люднікава на базе ААТ «Чырвоны Кастрычнік», які ўваходзіць у холдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка». Наяўны на тэрыторыі трохпавярховы будынак рэканструявалі і ператварылі ў сучасны шматфункцыянальны комплекс, які мае разнастайны інвентар і сучасныя залы для заняткаў многімі відамі спорту, у тым ліку гульнявымі, ёгай і інш.


На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прысутнічалі прадстаўнікі абласной і рэспубліканскай улады, уключаючы старшыню аблвыканкама Мікалая Шэрстнёва і міністра МНС Уладзіміра Вашчанку.
— З'яўленне новых спартыўных аб'ектаў стала добрай традыцыяй для рэгіёна. Іх будуюць не толькі ў абласным цэнтры, але і ў раёнах, — сказаў Мікалай Шэрстнёў. — Радуе, што свой уклад у развіццё інфраструктуры галіны ўносяць прадстаўнікі бізнесу і вытворчасці.
Таксама Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што новы спорткомплекс стане ключавой пляцоўкай для развіцця валейбола ў вобласці. Тут будуць вырошчваць спартсменаў, якія стануць не толькі лепшымі ў Беларусі, але і змогуць паказваць годныя вынікі на міжнароднай арэне.
Кіраўнік СААТ «Марка» Мікалай Мартынаў падкрэсліў, што кіраўніцтва холдынгу шмат увагі надае прапагандзе здаровага ладу жыцця работнікаў, заахвочвае актыўны адпачынак. Так, у шаўцоў ёсць асобныя пластыкавыя банкаўскія карткі, на якія пераводзяцца сродкі для наведвання спорткомплекса або базы адпачынку прадпрыемства.
ЭДУАРД КАРАЛЕВІЧ, фота Антона Сцепанішчава, "Віцебскія весці".