Новы тэмпературны рэкорд дня зарэгістраваны на метэаралагічнай станцыі Езярышча - мінус 32,6 градуса
27 студзеня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. У мінулую ноч у Беларусі самая нізкая тэмпература паветра зарэгістравана на метэастанцыі Езярышча Віцебскай вобласці. На 6 гадзін раніцы яна склала мінус 32,6 градуса, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле клімату Рэспубліканскага гідраметцэнтра.
Гэта быў самы нізкі ўзровень тэмпературы за мінулую ноч у Беларусі, а таксама за цяперашні студзень. Як паведамлялася, да гэтага самая нізкая тэмпература паветра ў бягучым месяцы была адзначана ў Пружанах (25 студзеня), калі слупок тэрмометра апусціўся да адзнакі мінус 31,6 градуса.
Абсалютны мінімум тэмпературы на метэастанцыі Езярышча быў зарэгістраваны 16 студзеня 1940 года, калі яна складала мінус 41,5 градуса. Дарэчы, у 1940 годзе ў Беларусі былі вельмі моцныя маразы. А самая нізкая тэмпература за ўсю гісторыю метэаназіранняў адзначана 17 студзеня 1942 года ў Талачыне, калі ртутны слупок тэрмометра апусціўся да адзнакі мінус 42,2 градуса.
Па папярэдняй ацэнцы спецыялістаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра, цяперашні студзень увойдзе ў пяцёрку самых халодных за пасляваенны перыяд. -0-