Новы гандлёвы цэнтр на праспекце Будаўнікоў у Віцебску адкрыецца ў канцы 2015 года
Новы гандлёвы цэнтр на праспекце Будаўнікоў у Віцебску адкрыецца ў канцы 2015 года. Інвестарам праекта выступае СЗАТ «Фірма «Амега», якая плануе ўкласці ў гэты аб'ект каля 15 млн долараў.
Эксклюзіўным агентам па здачы ў арэнду памяшканняў гандлёвага цэнтра выбрана міжнародная кампанія «Colliers International». Як паведаміла «Віцебскім весткам» каардынатар па маркетынгу беларускага офіса кампаніі Эмілія Клюдт, агульная плошча двухпавярховага будынка складзе 12,8 тыс. кв. м, з якіх амаль 70% плануецца перадаць арандатарам. Месца размяшчэння выбрана такім чынам, што патэнцыйнымі наведвальнікамі цэнтра з'яўляюцца каля 180 тыс. чалавек, якія пражываюць у бліжэйшых мікрараёнах (Поўдзень і Медцэнтр). Мяркуецца, што тут будуць прадстаўлены крамы адзення, абутку, аксесуараў, касметыкі, тавараў для дзяцей. У прыватнасці, свой першы аб'ект у Віцебску адкрые расійская рознічная сетка моднага адзення «O’STIN».
Якарнымі арандатарамі выступяць супермаркет бытавой тэхнікі
«Электрасіла» (1,4 тыс. кв. м) і супермаркет спартыўных тавараў «Спортмастер» (1,3 тыс. кв. м), якія на дваіх зоймуць амаль траціну ўсіх арэндаваных плошчаў гандлёвага комплексу. Аператарам грамадскага харчавання стане кафэ «Гараж» (450 кв. м). Па праекце прадугледжана стварэнне наземнага паркінга на 250 машына-месцаў.Сяргей Анто́наў, "Віцебскія весці"