Новы верталёт беларускіх памежнікаў AS-355NP Ecureuil прызямліцца ў Мінску 24 чэрвеня

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія сустрэчы новага верталёта AS-355NP Ecureuil ад французскай кампаніі Eurocopter, прызначанага для аховы межаў, адбудзецца 24 чэрвеня ў аэрапорце "Мінск-1". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. Верталёт для Дзяржпагранкамітэта будзе пастаўлены з Францыі. Ён будзе дыслакавацца ў асобнай авіяцыйнай эскадрыллі ў Паставах. Акрамя таго, плануецца набыць яшчэ тры падобныя верталёты. Кантракт на пастаўку гелікаптэраў Дзяржпагранкамітэт Беларусі і кампанія Eurocopter падпісалі ў Мінску 25 чэрвеня 2008 года. У цяперашні час на ўзбраенні эскадрыллі знаходзяцца ў асноўным Мі-8. Аднак, нягледзячы на тое, што ва ўсім свеце гэтыя верталёты лічацца надзейнай тэхнікай, ім на змену прыходзяць больш сучасныя і эканамічныя машыны. Беларускія памежнікі актыўна выкарыстоўваюць авіяцыю пры ахове межаў. Прымяненне памежнай авіяцыі толькі ў 2008 годзе дазволіла затрымаць больш за 20 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы і каля 30 парушальнікаў памежнага рэжыму, выявіць больш за 100 аб'ездных дарог і сцежак, затрымаць матэрыяльных каштоўнасцей на агульную суму больш за Br150 млн. -0-