Новы закон аб парадку ўезду і выезду з Беларусі ўступіць у сілу 30 сакавіка

26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы закон аб парадку ўезду і выезду з Беларусі ўступіць у сілу 30 сакавіка. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі. Новы закон прыйдзе на змену ранейшаму, які быў зацверджаны яшчэ ў 1993 годзе. З таго часу ў рэспубліцы і за яе межамі адбыліся значныя змяненні, у тым ліку ў грамадскай свядомасці. Усё гэта запатрабавала карэкціровак і ў пагранічным заканадаўстве. Работа над праектам новага закона вялася з 2004 года, і Дзяржпагранкамітэт прымаў актыўны удзел у гэтым. Акрамя больш дакладнага рэгулявання, напрыклад, працэдуры часовага абмежавання права на выезд за мяжу, дакумент утрымлівае і некаторыя цалкам рэвалюцыйныя палажэнні. Адным з іх з'яўляецца магчымасць для непаўналетніх беларускіх грамадзян выязджаць за мяжу ў суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў без дакументальна пацверджанага згоды другога. Напрыклад, у маці, якая едзе за мяжу са сваім дзіцем, супрацоўнікі органаў пагранслужбы не будуць патрабаваць наяўнасці пры сабе згоды бацькі або пацвярджаючых дакументаў аб яго адсутнасці. Калі ж адзін з бацькоў супраць адпраўкі дзіцяці за мяжу, то ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду непаўналетняга з Беларусі. Звесткі аб такім дзіцяці будуць уключацца ў банк даных аб грамадзянах, права на выезд якіх з Беларусі часова абмежавана. У цэлым у законе дэталёва прапісаны асаблівасці выезду з краіны непаўналетніх, у тым ліку тых, хто мае статус дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Рэгламентаваны іх выезд на лячэнне, аздараўленне або кансультацыі. У законе пазначаны пералік дакументаў, якія пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка дзяцей, і хто можа засведчыць пісьмовую згоду. Акрамя таго, новым законам вызначаны парадак выканання рашэнняў аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з краіны і аб дазволе выезду з краіны на пэўны тэрмін, а таксама парадак афармлення пастаяннага пражывання нашых грамадзян за мяжой. У нарматыўным акце ўстаноўлены адзіныя падставы для часовага абмежавання права беларускіх грамадзян на выезд з рэспублікі. Выезд можа быць часова абмежаваны, напрыклад, калі грамадзянін валодае звесткамі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, з'яўляецца падазроным або абвінавачваным па крымінальнай справе, калі яму прад'яўлены грамадзянскі иск у судзе. У ліку падстаў таксама значыцца невыкананне без уважлівых прычын маёмасных, падатковых, аліментных абавязкаў. Права на выезд можа быць абмежавана, калі грамадзянін з'яўляецца даўжніком па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці. Да гэтага спісу аднесена і ўхіленне ад яўкі на мерапрыемства па прызыве на ваенную службу. Аднак цяпер гэтыя падставы стануць факультатыўнымі і рашэнне аб уключэнні ў банк даных грамадзян, каму часова абмежаваны выезд за мяжу, будзе прымацца індывідуальна ў дачыненні да кожнага канкрэтнага чалавека. У цяперашні час у гэтым банку даных утрымліваюцца звесткі аб больш чым 100 тыс. беларусах. У адпаведнасці з новым законам дзяржаўны орган або іншая юрыдычная асоба (іх пералік дакладна ўстаноўлены законам), якая прыняла рашэнне аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з Беларусі, не пазней аднаго дня з даты прыняцця такога рашэння павінна накіраваць грамадзяніну адпаведнае паведамленне. Такое ж паведамленне будзе накіроўвацца і ў выпадку зняцця абмежавання. Разам з тым у шэрагу выпадкаў пакінуць межы Беларусі змогуць і тыя, чые даныя ўтрымліваюцца ў банку даных. Выезд ім можа быць дазволены на пэўны тэрмін у сувязі з неабходнасцю тэрміновага лячэння, або ўдзелу ў крымінальным працэсе за межамі рэспублікі, або ў сувязі з цяжкай хваробай, смерцю блізкага сваяка, які пражывае за мяжой. У цэлым новы закон накіраваны на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян свабодна пакідаць Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад. Пры яго распрацоўцы выкарыстоўваўся вопыт Германіі, Швецыі, ЗША, Францыі, дзяржаў СНД, а палажэнні дакумента адпавядаюць агульнапрызнаным міжнародным нормам.-0-