Новы закон аб уездзе і выездзе грамадзян Беларусі дазволіць паменшыць колькасць невыездных у 2 разы

18 сакавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Новы закон "Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь" дазволіць паменшыць колькасць невыездных прыкладна ў два разы. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела па пашпартнай працы і выездзе за мяжу дэпартамента па міграцыі МУС Беларусі Дзмітрый Леўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У цяперашні час у банку даных аб невыездных утрымліваецца інфармацыя аб прыкладна 125 тыс. грамадзян. Як адзначыў прадстаўнік МУС, гэтая лічба дастаткова няўстойлівая і змяняецца. Пры гэтым колькасць невыездных можа быць скарочана, паколькі новы закон, які ўступае ў сілу 30 сакавіка, устанаўлівае больш дэмакратычны парадак. Згодна з дзеючым заканадаўствам статус невыезднога могуць атрымаць грамадзяне, якія валодаюць інфармацыяй, што складае дзяржтаямніцу, а таксама тыя, хто праходзіць у якасці даўжнікоў па справах аб банкруцтве, падазроныя або абвінавачваныя ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў, асуджаныя, якія ўхіляюцца ад мерапрыемстваў па прызыве ў армію і г.д. Усе яны зараз уключаюцца ў банк даных аўтаматычна. Па новым жа законе ў дачыненні да кожнага асуджанага, абвінавачанага або падазронага будзе прымацца асобнае рашэнне. Абмежаванне на выезд з краіны можа быць часова знята, калі чалавек накіроўваецца на лячэнне або едзе на пахаванне блізкага сваяка, а таксама па іншых прычынах. Акрамя таго, закон дакладна ўстанаўлівае пералік органаў, якія прымаюць рашэнне аб абмежаванні права на выезд. Сярод іх суды, ваенкаматы і іншыя ведамствы. Прычым яны абавязаны накіраваць паведамленне грамадзяніну аб тым, што ён стаў невыездным не пазней аднаго дня пасля прыняцця рашэння. Як было падкрэслена на прэс-канферэнцыі, новы закон рэалізуе адзін з асноўных канстытуцыйных прынцыпаў - чалавек не можа быць пазбаўлены права на выезд, але гэта права можа быць абмежавана.-0-