Новы збожжасушыльны комплекс уведзены ў эксплуатацыю ў Аршанскім раёне
У «Агракамбінаце «Юбілейны» Аршанскага раёна ўведзены ў эксплуатацыю сучасны збожжасушыльны комплекс вытворчасці «Амкадор» магутнасцю 60 т у гадзіну.
Як распавёў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Фірсін, збожжасушыльны комплекс узяты па дзяржпраграме ў лізінг на 7 гадоў пад 2% гадавых. Для ўзвядзення фундамента і добраўпарадкавання тэрыторыі выкарыстоўваліся крэдытныя сродкі. У цэлым новы аб'ект абышоўся больш чым у 10 млрд руб. У наступным годзе плануецца пабудаваць ёмістасці для захоўвання на 10 тыс. т збожжа.
Трэці збожжасушыльны комплекс гаспадарцы быў востра неабходны. Справа ў тым, што «Агракамбінат «Юбілейны» з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам збожжа на Віцебшчыне (пад збожжавыя тут аддадзена 6,5 тыс. га, штодня з палёў паступае 1300 т). У мінулым годзе было намалочана 30 тыс. т, сёлета тут плануюць атрымаць не менш за 27 тыс. т. На ўчарашні дзень убрана амаль 80% плошчаў, намалочана звыш 20 тыс. т збожжа пры ўраджайнасці 41 ц/га.
Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці". Фота БелТА.