Новым дырэктарам «Славянскага базару ў Віцебску» стаў 30-гадовы Глеб Лапіцкі

Генеральным директарам Цэнтра культуры «Віцебск» прызначаны Глеб Лапіцкі. Сёння новага кіраўніка калектыву ўстановы прадставіла начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыенок.

 
Глебу Лапіцкаму 30 гадоў, нарадзіўся ён у Віцебску, скончыў у 2011 годзе Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, а ў 2014-м – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. У 2015-2018 гадах працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Цяпер навучаецца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Глеб Лапіцкі вядомы як спявак, ён лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, уладальнік прэстыжнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна на X фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2009», прымаў удзел у канцэртных праграмах па ўсёй рэспубліцы і за яе межамі. Адзін час быў салістам Віцебскай абласной філармоніі. Ён аўтар і каардынатар папулярных праектаў ФПБ «Мы – разам!», «Новыя імёны Беларусі», «Беларускі майстар» і іншых.

Цяпер Глебу Лапіцкаму трэба будзе праявіць свае арганізатарскія здольнасці не толькі як кіраўніка праслаўленага калектыву Цэнтра культуры «Віцебск», але і найбуйнейшага міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».

"Віцебскія весці".