Новым мастацкім кіраўніком тэатра імя Якуба Коласа прызначаны Міхаіл Краснабаеў

На пасаду мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прызначаны рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Краснабаеў. Новы кіраўнік прадстаўлены сёння на агульным сходзе работнікаў гэтага творчага калектыву, на якім прысутнічаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў.

Міхаіл Краснабаеў прыйшоў у Коласаўскі тэатр у 1985 годзе пасля заканчэння тэатральнага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і адразу праявіў сябе як артыст шырокага дыяпазону. Згуляў нямала лірычных і камічных роляў. Сярод найбольш значных вобразаў – коласаўскі Сымон-музыка (за гэту ролю артыст атрымаў дыплом Беларускага тэатральнага таварыства), шакспіраўскі Рамэо, Пётр з горкаўскіх «Мещан», Грэй з грынаўскіх «Алых парусов» і іншыя.

У 2000-2001 гадах Міхаіл Краснабаеў вучыўся на рэжысёрскіх курсах народнага артыста Расіі, прафесара Пятра Фаменкі ў Маскве і ў 2004-м пераведзены на пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка. За мінулы час паставіў шэраг спектакляў па п'есах беларускіх і замежных аўтараў, сярод якіх асабліва вылучаў Уладзіміра Караткевіча.

За інсцэніроўку аповесці «Ладзя роспачы» стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу п'ес для тэатра «Чалавек і грамадства». Сярод апошніх работ на Коласаўскай сцэне – “Да трэціх пеўняў” Шукшына, “Шукаем тэнара!” Людвига, “Смяротны нумар” Антонава, “Доктар філасофіі” Нушыча. Цяпер рэжысёр прыступае да пастаноўкі п'есы Максіма Горкага «Последние».

Міхаіл Краснабаеў узнагароджаны Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», уладальнік звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Таццяна Пастэрнак, «Віцебскія весці».