Новы дзіцячы сад адкрыўся ў мікрараёне Білева
Тут будуць працаваць 12 груп для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін на цырымоніі адкрыцця дзіцячага садка адзначыў, што будаўніцтва сучасных адукацыйных аб'ектаў – гэта найважнейшая інвестыцыя ў будучыню, якая дазваляе годна выхаваць нашых дзяцей, накіраваць усе рэсурсы на іх усебаковае развіццё.
– Адкрыццё дзіцячага сада № 114 у Віцебску невыпадкова прымеркавана да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта выдатны падарунак для жыхароў самага густанаселенага мікрараёна. Значна, што ў ім працягваюць адкрывацца і будавацца неабходныя аб'екты інфраструктуры для дзяцей, – сказаў кіраўнік вобласці. – Вялікі дзякуй будаўнічым арганізацыям за рэалізацыю будаўнічага праекта, усе работы выкананы якасна і ў тэрмін. Няхай гэты дзіцячы сад будзе месцам адукацыі і творчасці, і ў ім заўсёды гучыць дзіцячы смех.
Аляксандр Субоцін уручыў загадчыку дзіцячага сада № 114 Кацярыне Буранковай падарункавы сертыфікат на 10 тысяч рублёў на набыццё навучальнага абсталявання. Падзякі аблвыканкама ўручылі гендырэктару прыватнага прадпрыемства «Стройсфера» Леаніду Лясуну і вытворцам работ Алегу Гавоткіну і Андрэю Кунцу.
Трохпавярховы будынак з яркім фасадам размешчаны па адрасе: Маскоўскі праспект, дом 95.
На першым паверсе размешчаны харчаблок з сучасным абсталяваннем і пральня, функцыянальны басейн з сістэмай хларавання вады.
На другім паверсе знаходзяцца ўніверсальная зала для мерапрыемстваў, камп'ютарны клас, гульнявая зона, медыцынскі кабінет, а таксама адміністрацыйныя памяшканні.
На верхнім паверсе размешчаны спартыўная зала з зонамі для гімнастыкі і лячэбнай фізкультуры, а таксама зала для музычных заняткаў.
У дзіцячым садзе ёсць пасажырскі ліфт і пад'ёмнік для дастаўкі харчавання ў групы. Таксама прадугледжаны ўмовы для бяспечнага перамяшчэння дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Будзе дапоўнена.


"Віцьбічы"