Наступная выбарчая кампанія будзе мець шэраг асаблівасцей у сувязі са зменамі заканадаўства

Нынешняя избирательная кампания будет иметь ряд особенностей в связи с изменениями законодательства

Кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, якія пройдуць 23 сакавіка наступнага года, будзе мець шэраг асаблівасцей, звязаных з уступіўшымі ў сілу зменамі выбарчага заканадаўства. На Віцебшчыне трэба будзе выбраць усяго 3218 дэпутатаў, або амаль на 9% менш, чым у папярэдняй кампаніі. Разам са скарачэннем колькасці мандатаў можна прагназаваць і персанальнае абнаўленне складу Саветаў.

На пачатку тыдня кіраўнік дзяржавы зацвердзіў дату правядзення мясцовых выбараў. Першым арганізацыйным этапам кампаніі з'яўляецца фарміраванне выбарчых камісій. Паводле заканадаўства, правам вылучэння членаў камісій надзелены, акрамя палітычных партый і грамадскіх арганізацый, працоўныя калектывы (з колькасцю работнікаў не менш за 10 чалавек) і грамадзяне шляхам падачы заявы, падпісанай не менш чым 10 выбаршчыкамі. Тэрытарыяльныя камісіі павінны быць сфарміраваны да 27 снежня, акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах у абласны Савет дэпутатаў – да 6 студзеня, участкі для галасавання – да 21 студзеня, а ўчастковыя выбарчыя камісіі – да 5 лютага ўключна.

Найбольш цікавыя падзеі можна чакаць на этапе вылучэння кандыдатаў у дэпутаты і іх рэгістрацыі, якія пройдуць адпаведна з 12 студзеня па 10 лютага і з 11 па 20 лютага. Пасля рэгістрацыі пачнецца перадвыбарчая агітацыя, якая завершыцца напярэдадні асноўнага дня галасавання.

Пакуль яшчэ рана казаць пра дэпутацкія амбіцыі патэнцыйных удзельнікаў кампаніі, але нескладана выказаць здагадку, што персанальны склад Саветаў абновіцца. Напрыклад, з абласнога Савета тры дэпутаты ўжо займаюцца законатворчасцю ў ніжняй палаце парламента, яшчэ адзін абраннік пераехаў у сталіцу і працуе ў Міністэрстве ЖКГ, так што, відавочна, яны не змогуць прыняць удзел у цяперашняй кампаніі. З дзеючых дэпутатаў аблсавета восем абраннікаў маюць вопыт працы ў абласным прадстаўнічым органе трох скліканняў, дванаццаць дэпутатаў двойчы абіраліся ў аблсавет.

Адным з істотных новаўвязенняў мясцовых выбараў, якія набліжаюцца, з'яўляецца палажэнне аб тым, што выбаршчыкі змогуць галасаваць толькі па месцы пастаяннай або часовай рэгістрацыі, што, на думку Цэнтрвыбаркама, дазволіць пазбегнуць падвойнага галасавання. Таксама падчас гэтай кампаніі ўпершыню ўводзіцца інстытут абавязковай акрэдытацыі для нацыянальных назіральнікаў на выбарах (раней ён быў прадугледжаны толькі для замежных назіральнікаў), пачне дзейнічаць норма, якая забараняе агітаваць за байкот выбараў. Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат зможа балатавацца толькі па адным акрузе. Кандыдаты будуць абавязаны ўказваць усе крымінальныя судзімасці, якія мелі месца ў іх жыцці, нават калі яны былі пагашаны або зняты. Акрамя таго, тыя, у каго няма афіцыйных крыніц даходу, будуць указваць у дэкларацыі аб даходах і маёмасці крыніцу, за кошт якой яны існуюць.

Падчас выбараў 23 сакавіка выбаршчыкам на Віцебшчыне трэба будзе сфарміраваць абласны, 21 раённы, 5 гарадскіх Саветаў у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, 197 сельскіх і пасялковых Саветаў.

Сяргей Кочатаў, "Віцебскія весці"