Аб новых крэатыўных праектах распавялі работнікі культуры вобласці на сустрэчы ў Лепелі
Дарэчы, Лепельская школа мастацтваў удастоена абласной прэміі за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ў 2019 годзе. Лепшымі таксама прызнаны Аршанская цэнтральная бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна, Сянненская дзіцячая, Вярхоўская сельская бібліятэка Бешанковіцкай ЦБС, Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, Талачынскі і Верхнядзвінскі раённыя цэнтры культуры і народнай творчасці, Докшыцкі раённы Дом рамёстваў, Хадцаўскі сельскі Дом культуры Сянненскага раёна і Юнькаўскі Пастаўскага.
Усе пераможцы перад абмеркаваннем вынікаў года прэзентавалі свае дасягненні. Хатцаўскія і юнькаўскія стряпухі частавалі стравамі нацыянальнай кухні, докшыцкія майстры дзяліліся сакрэтамі вырабу механічных цацак з дрэва і пляцення з лазы, талачынскія культработнікі дэманстравалі ўзнагароды за лепшы праект года – конкурс турыстычных фільмаў «Падарожнічай па Сінявокай». Каля стэнда аршанскай бібліятэкі гасцей сустракалі Аляксандр Пушкін з Наталляй, якія запрашалі наведаць «Нясумныя вечары» ў храме кнігі.
І іншыя ўстановы культуры паказалі, чым здзіўляюць сваіх наведвальнікаў. Так, сянненскія бібліятэкары стварылі тэатр кнігі «Петрушка» і ладзяць выставы пад адкрытым небам. А Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей прывёз акуляры віртуальнай рэальнасці і правёў экскурсію па славутасцях раёна. Як расказала дырэктар музея Алена Мядзялец, выкарыстанне сучасных тэхналогій значна павялічыла колькасць наведвальнікаў. За два гады існавання залы віртуальных экскурсій у ёй пабывалі 5 тыс. чалавек. Папулярнасцю карыстаюцца і пазнавальныя веламарафоны. Напрыклад, «У Парыж на ровары» з наведваннем мясцін, звязаных з вайной 1812 года і прыпынкам у вёсцы Парыж.
Усяго ж у Віцебскай вобласці 934 арганізацыі культуры, большую частку з якіх складаюць бібліятэкі і клубы.
У гэты спіс летась увайшлі новыя ўстановы: Плінскі сельскі клуб ва Ушацкім раёне, Бабініцкая сельская бібліятэка-клуб і Цэнтр адукацыйных, культурных і сацыяльных паслуг у аграгарадку Борздаўка Аршанскага раёна.
Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі адзначыў, што за 2019 год праведзена больш за 100 тыс. мерапрыемстваў, у тым ліку 11 міжнародных, 3 рэспубліканскія, больш за 40 абласных фестываляў і святаў, якія садзейнічалі развіццю мастацкай творчасці калектываў, павышэнню ўзроўню выканальніцкага майстэрства, духоўнаму адраджэнню грамадства.
Багаты быў год і на новыя праекты. Упершыню прайшоў абласны пленэр па маляванцы «Райскі сад». (Дарэчы, традыцыйнае мастацтва роспісных дываноў унесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь).
Значнымі падзеямі ў сферы культуры сталі пленэр дэкаратыўна-прыкладного мастацтва і конкурс ганчароў «Гліна спявае» у гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна, абласны фестываль бібліятэчных тэатраў кнігі і лялечных тэатраў «Чароўная рампа», каляднае свята «Святло Віфлеемскай зоркі» ў Гарадку. Статус рэспубліканскага атрымаў конкурс цыркавога мастацтва «Арэна-2019», які сабраў у Оршы калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
На 2019-ы выпаў 120-гадовы юбілей адной са старэйшых бібліятэк рэспублікі – Аршанскай імя Аляксандра Пушкіна. Стагоддзе адзначылі бібліятэкі Полацка, Шуміліна, Лёзна і Віцебска, 90-годдзе – абласная бібліятэка, 80-годдзе – абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.
Музейныя работнікі імкнуцца разнастаіць сваю дзейнасць, шукаюць новыя формы прадстаўлення калекцый. І робяць гэта цалкам паспяхова, што адзначаюць не толькі наведвальнікі, колькасць якіх значна ўзрасла, але і спецыялісты. На IV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны запаведнік адзначаны дыпломам першай ступені ў намінацыі «За лепшую культурна-адукацыйную праграму», а дырэктар установы культуры Тамара Джумантаева ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй форуму ў намінацыі «За вернасць прафесіі».
Спецыяльны дыплом журы атрымаў Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, яго філіял – Музей гісторыі Віцебскага народнага вучылішча – стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь», а таксама ўвайшоў у тройку лепшых музеяў года па версіі выдання The Art Newspaper Russia.
ВЦСМ атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі за выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці.
Асаблівую задачу выконваюць сельскія клубы і дамы культуры. У сярэднім на кожную клубную ўстанову прыпадае больш за 250 мерапрыемстваў у год. Амаль удвая больш іх у Віцебску і Наваполацку, а вось у Лёзне самы нізкі паказчык.
Віцебская зямля багатая на таленты. Пра гэта сведчыць і тое, што ў вобласці 17 заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь, 567 народных і зорных. Трынаццаць элементаў нашага рэгіёну атрымалі статус нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Асаблівая ўвага на сустрэчы прадстаўнікоў галіны культуры была нададзена праблемам. Адна з іх – недастатковая камп'ютарызацыя бібліятэк, недахоп прафесійных кадраў, няўменне зарабляць і знаходзіць спонсараў. На сённяшні дзень доля пазабюджэтных (уласных) сродкаў у агульным аб'ёме фінансавання дзяржаўных арганізацый культуры складае крыху больш за 21%. Варта задача павялічыць гэты паказчык, што цалкам магчыма.
Пра гэта гаварыў і намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, які падкрэсліў, што сучаснаму кіраўніку ўстановы культуры трэба быць пісьменным менеджарам, які ўмее лічыць грошы. Важна таксама скласці план развіцця ўстановы. Не план мерапрыемстваў, удакладніў Уладзімір Пятровіч, а бачанне перспектывы, у тым ліку і эканамічнай.