Супрацоўнікі МНС Віцебшчыны расказалі пра простыя правілы бяспекі для дзяцей
— Настаў момант, якога доўга чакалі, і дзіця пайшло ў школу. Як правіла, у гэты перыяд бацькі пачынаюць прывучаць яго да самастойнасці. Але і ў такія моманты не будзе лішнім падстрахавацца, — параіла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога УМНС Юлія Пахолкина. — Напрыклад, пакідаючы дзяцей дома адных нават на няпроцяглы час, прыбярыце далей калючыя, рэжучыя прадметы, запалкі і запальніцы, лекі і сродкі бытавой хіміі. Такія рэчы трэба захоўваць у недаступных месцах.
У шэсць-сем гадоў дзіця павінна ведаць свой адрас, прозвішча, імя, імя па бацьку бацькоў, суседзяў, бабулі і дзядулі. Пакіньце яму ўсе магчымыя сродкі сувязі. А нумары выкліку экстранных службаў прымацуйце на бачным месцы.
— Асновай бяспекі дзіцяці таксама з'яўляецца веданне элементарных Правілаў дарожнага руху, — адзначыла Юлія Мікалаеўна. — Навучаць ім трэба паступова, пачынаючы з простага. Лепш выбраць адзін маршрут са школы дадому, пазбягаючы малаасветленых або малалюдных месцаў, пад'ездаў.
Мадэлюйце сітуацыі, разважайце разам з дзецьмі, шукайце правільны выхад і заўсёды рабіце акцэнт на тым, што ні пры якіх абставінах нельга панікаваць. Галоўная задача – выратавацца самому і паведаміць своечасова аб тым, што здарылася, дарослым.
Бацькі, не пашкадуйце затрачанага часу і паспрабуйце разам з дзіцем прагаварыць алгарытм дзеянняў у наступных сітуацыях:
Калі дарослых няма дома, а дзверы нехта спрабуе адчыніць.
Неабходна патэлефанаваць бацьку ці маці, а толькі потым набраць службу выратавання
або міліцыю. Размова са спецыялістам можа зацягнуцца, а ў гэты час дарослыя змогуць патэлефанаваць суседзям і папярэдзіць іх аб небяспецы.
З разеткі пайшоў дым, а дома нікога няма.
Трэба хутка пакінуць памяшканне і набраць нумар 112. Пакуль МНС будзе ехаць да месца ўзгарання, лепш звярнуцца да суседзяў. Самастойна тушыць пажар
катэгарычна забаронена!
Калі адчуеш дома пах газу.
Варта неадкладна выйсці з кватэры, патэлефанаваць у дзверы да суседзяў, папрасіць выклікаць службу экстраннага рэагавання. Калі ў суседніх кватэрах нікога не аказалася, абавязкова трэба звязацца з бацькамі.
Калі па дарозе са школы нападзе зграя сабак.
Галоўнае ў гэтай сітуацыі — захоўваць спакой, не правакуючы жывёл на атаку. Нельга глядзець сабакам у вочы, але можна адцягнуць іх увагу любой рэччу:
гэта могуць быць кепка, парасон або сшытак. Трэба акуратна адкінуць прадмет у бок,
а пасля паступова выдаляцца ад зграі, але не паварочвацца да яе спіной.