Аб стане атмасфернага паветра ў Віцебскай вобласці
Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя інфармуе аб стане атмасфернага паветра ў Віцебскай вобласці, у тым ліку ў г.Наваполацку і Полацкім рэгіёне.
Аснову эканомікі вобласці і горада Наваполацка фарміруюць унікальныя для Рэспублікі Беларусь прадпрыемствы нафтахіміі: ААТ ”Нафтан“, ААТ ”Нафтан“ завод ”Палімір“, прадпрыемства па транспарціроўцы нафтапрадуктаў ”Дружба“, якія забяспечваюць асноўны ўклад у забруджванне атмасфернага паветра Полацкага рэгіёна.
На ААТ ”Нафтан“ прыпадае 58 % валавога выкіду забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра Віцебскай вобласці і 89 % - па г.Наваполацку. Павелічэнне валавога выкіду ў 2012 годзе ў параўнанні з 2011 годам на 18250 тон (19,8%) па вобласці тлумачыцца наступнымі фактарамі:
У 2012 годзе на ААТ ”Нафтан“ перапрацавана 10,6 млн. тон нафты (на 600 тыс. тон больш, чым у 2011 годзе). З 2009 года назіраецца павелічэнне ўтрымання серы ў сырой нафце, якая паступае на прадпрыемства. Калі ў 2009 годзе сера ў нафце складала 1,35 % мас., то ў 2010 – 1,42 %, у 2011 – 1,47%, а ў 2012 годзе – 1,51 %. У 2011 годзе ўказаны рост удалося кампенсаваць шляхам развядзення нафты, якая паступае з Расійскай Федэрацыі, нафтай з Венесуэлы (1 млн. тон з утрыманнем серы 0,7 % мас.). З пачатку 2012 года венесуэльская нафта на ААТ ”Нафтан“ не пастаўляецца. Рост утрымання серы ў нафце і аб'ёмаў перапрацоўкі нафты заканамерна вядзе да павелічэння ўтварэння серавадароду.
У цяперашні час канцэрну ”Белнафтахім“ Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь даручана прыняць магчымыя меры па абмежаванні ўтрымання серы ў нафце, якая пастаўляецца, да ўзроўню не больш за 1,5 %.
У найбліжэйшай перспектыве найважнейшым мерапрыемствам па зніжэнні ўздзеяння на атмасфернае паветра з'яўляецца будаўніцтва на ААТ ”Нафтан“ устаноўкі па вытворчасці элементарнай серы ”Клаус“. Праграмай развіцця прамысловага комплексу Віцебскай вобласці да 2015 года, зацверджанай рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 18 снежня 2009 года № 196, устаноўлены тэрмін завяршэння аб'екта – 2014 год. Увод дадзенай устаноўкі, сумесна з іншымі праводзімымі на прадпрыемстве энерга-рэсурсазберагальнымі мерапрыемствамі, дазволіць скараціць аб'ём выкідаў на 30 тысяч. тон у год. У 2012 годзе на выкананне паветраахоўных мерапрыемстваў толькі прадпрыемствам ААТ ”Нафтан“ затрачана 421,7 млрд. рублёў.
Кантроль за станам атмасфернага паветра ў г.Полацку і г.Наваполацку ажыццяўляе комплексная экалагічная лабараторыя на пяці стацыянарных пастах па дванаццаці асноўных і спецыфічных забруджвальных рэчывах. На двух з іх маніторынг ажыццяўляецца кругласутачна ў аўтаматычным рэжыме з перадачай даных у інфармацыйна-аналітычны цэнтр г.Мінска.
Па выніках стацыянарных назіранняў у 2012 годзе перавышэнні сярэднесутачных ПДК па такіх забруджвальных рэчывах як азоту дыяксід, серавадарод, фармальдэгід назіраліся ў адзінкавых выпадках, у асноўным у перыяд наступлення неспрыяльных для рассейвання метэаўмоў. Выпадкаў высокага і экстрэна высокага забруджвання атмасфернага паветра ў рэгіёне не зафіксавана.
Карпенка Т.П.,
галоўны спецыяліст аддзела дзяржкантролю
за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў камітэта