Пра шкоду аднаразовых шклянак і карысць біяраскладальных пакетаў раскажуць віцяблянам падчас лекцыі «Ноль адходаў».

Пра канцэпцыю пад назвай «Нуль адходаў» раскажуць у Віцебску супрацоўнікі цэнтра экалагічных рашэнняў. Сустрэча адбудзецца 19 кастрычніка ў абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы.

Тэмай дыскусіі стане культура абыходжання з адходамі. У прыватнасці, пойдзе размова пра тое, колькі смецця выкідваецца штогод, чаму неэкалагічныя аднаразовыя шклянкі і ці можна знайсці біяраскладальныя пакеты.

Цэнтр экалагічных рашэнняў займаецца папулярызацыяй экалагічна дружалюбнага ладу жыцця і развіццём міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай захавання навакольнага асяроддзя. Ён прасоўвае ідэю прадухілення празмернага ўтварэння смецця, прапагандуе раздзельны збор і перапрацоўку адходаў у Беларусі.

У дапамогу жыхарам краіны створана «Зялёная карта», якая тлумачыць, куды аднесці другасныя матэрыяльныя рэсурсы (пластык, паперу, шкло), небяспечныя адходы і непатрэбныя рэчы.

Дарэчы, пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якая ўступіла ў сілу ў верасні, да спісу тавараў, якія абавязкова павінны быць у крамах, дададзены пакеты, аднаразовы посуд і сталовыя прыборы з паперы. Пры гэтым для гандлёвых кропак скарочаны мінімальны набор пакетаў і аднаразовага посуду з пластыку.

"Віцебскія весці".