Аб ахове здароўя, адукацыі і кадрах. Наталля Качанава правяла ў Талачыне рэспубліканскі семінар-нараду

Рэспубліканскі семінар-нарада па актуальных пытаннях сацыяльнага развіцця правяла ў Талачыне намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава.


– Такі фармат зносін выбраны невыпадкова, – адзначыла віцэ-прэм'ер. – Людзі, якія на месцах займаюцца сацыяльнымі пытаннямі, напрамую ад прадстаўнікоў міністэрстваў павінны пачуць карысную інфармацыю ў разрэзе сваёй вобласці і рэгіёнаў, каб вырашыць надзённыя пытанні. Сацыяльная сфера – гэта свайго роду лакмусавая паперка, якая характарызуе настрой жыхароў краіны. Абмяркоўваем, як на практыцы дзейнічаюць заканадаўчыя акты, гаворым аб магчымых зменах і дапаўненнях. Такая форма дазваляе паглядзець на сваю працу збоку і пачуць ацэнку дзейнасці рэспубліканскіх органаў. І разам з тым, наадварот, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў могуць з першых вуснаў даведацца аб тым, што хвалюе рэгіёны.

Падчас адкрытага дыялогу ўзнімаліся актуальныя для ўсёй рэспублікі пытанні сацыяльнага развіцця праз прызму Віцебшчыны. Прадстаўнікі профільных міністэрстваў далі разгорнутую ацэнку сацыяльнай сферы рэгіёну, абазначыўшы дасягненні і існуючыя праблемы.

Намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі адзначыў, што на Віцебшчыне за апошні час дасягнуты значныя вынікі ў гэтай галіне. У прыватнасці, радуюць дэмаграфічная сітуацыя і самы нізкі паказчык дзіцячай смяротнасці ў краіне. Разумны падыход праглядаецца ў аптымізацыі койка-месцаў, выездзе да кожнага пацыента ў сельскай мясцовасці. Перасоўную устаноўку для скрынінгавых даследаванняў Віцебшчына набыла першай.  

– Пры ўсіх тых дасягненнях, якія мы маем, трэба скарэктаваць сітуацыю ў галіне фінансавання амбулаторна-паліклінічнага звяна, – падкрэсліў Ігар Ласіцкі. – На сённяшні дзень таксама ёсць праблема суправаджэння пацыентаў пасля высокатэхналагічных умяшанняў. Гэта рэабілітацыйная праца, якая павінна быць палепшана».

Наталля Качанава звярнула ўвагу на замацаванне маладых урачоў у рэгіёнах, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, якасці дапамогі.

– У краіне пабудавана дакладная шматузроўневая медыцынская вертыкаль, якая дазваляе аказаць якасную медыцынскую дапамогу, пачынаючы ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў у сельскай мясцовасці і заканчваючы РНПЦ, – адзначыла віцэ-прэм'ер. – Стараемся ўмацаваць першае звяно кадрамі, паляпшаем матэрыяльную базу. Але ёсць выпадкі, калі неабходна абследаваць пацыента на самым высокім узроўні. У нас у краіне 15 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, укамплектаваных суперсучасным абсталяваннем. І ў мяне ёсць пераканаўчая просьба да ўсіх тут прысутных: не трэба баяцца перадаць хворага, калі ёсць пытанні ў аказанні дапамогі на месцах.

 Яна таксама нагадала, што ўсім установам сацыяльнай сферы варта больш актыўна займацца пазабюджэтнай дзейнасцю. Гэты рэзерв дапамагае вырашаць пытанні па рамонце і ўмацаванні матэрыяльнай базы, павышэнні заработнай платы.

– Разлічваць толькі на бюджэтныя сродкі няправільна, – зрабіла акцэнт Наталля Качанава.

Недастатковай назваў працу Віцебскай вобласці па аптымізацыі сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі, малакамплектных устаноў, павышэнні прывабнасці рабочых прафесій (а гэта адбіваецца на лічбах набору ў прафтэхадукацыйныя ўстановы) намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. Разам з тым ён адзначыў годны паказчык вызначэння дзяцей з інтэрнатаў і прытулкаў у сем'і, добры працэнт росту даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, высокую якасць адукацыі на Віцебшчыне.

– Звярніце ўвагу на эфектыўнасць працы малакамплектных школ, – звярнулася да прысутных Наталля Качанава. – Тут нельга перагібаць палку, аптымізацыя павінна быць разумнай. Бо сельская школа – гэта цэнтр прыцягнення і жыцця.

 Віцэ-прэм'ер паставіла пытанне аб мэтазгоднасці функцыянавання некаторых устаноў дадатковай адукацыі і рэсурсных цэнтраў, заклікаючы перагледзець значэнне і эфектыўнасць дзейнасці кожнай з іх.

Была закранута і тэма школьных праграм.

– Прэзідэнтам дакладна пастаўлена задача: не трэба загружаць дзяцей лішняй інфармацыяй, – сказала Наталля Качанава.

Праграмы і падручнікі павінны быць адэкватнымі. Гэтай праблемай сёння займаецца Міністэрства адукацыі, да 2020 года ўсе падручнікі будуць новымі. Трэба уключыць у распрацоўку настаўнікаў-практыкаў, каб зрабіць навучанне даступным для дзяцей.

 На семінары-нарадзе ішла размова і пра тое, што ў Беларусі да 2020 года плануюць пабудаваць 70 дзіцячых садкоў. А навучэнцы профільных педагагічных класаў, якія паступілі ў педагагічныя ўніверсітэты краіны без экзаменаў са сярэднім балам атэстата не менш за 7, павінны будуць адпрацаваць пасля заканчэння ВНУ 5 гадоў.

– У наступным годзе прадугледжана павышэнне заработнага платы работнікам бюджэтнай сферы ў памеры 9%, – сказала Наталля Качанава. – Але мы разумеем: напэўна, у нейкай ступені гэтага недастаткова. Таму сёння пастаўлена задача перад Міністэрствам адукацыі разгледзець тыя механізмы, якія дазволяць нам павысіць зарплату і дадуць магчымасць зарабіць настаўніку ў адпаведнасці з вынікамі яго працы.

  Яна таксама выказала меркаванне аб неабходнасці ўдасканалення падыходаў да выдачы мэтавага накіравання на навучанне. Пры афармленні такіх дакументаў у прыярытэце павінны быць мясцовыя навучальныя установы і замацаванне кадраў на вёсцы.

Далей на семінары-нарадзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні ў сферах культуры, інфармацыі, спорту, працы і сацыяльнай абароны, рэлігіі і аздараўлення.

Намеснік прэм'ер-міністра паведаміла, што створаны аргкамітэт пад яе кіраўніцтвам па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Полацку 3 верасня 2017 года. Яна заклікала усіх актыўна ўключыцца ў гэту працу. 

Разбіраючы праблемы, звязаныя з невысокімі дасягненнямі ў спорце, віцэ-прэм'ер заклікала чыноўнікаў ушчыльную заняцца гэтай сферай.

– Тут важныя ўсяго тры складнікі, – заўважыла Наталля Качанава. – Традыцыі, высокакваліфікаваны трэнерскі састаў і матэрыяльная база. Не культывуйце пяцьдзесят відаў спорту, а спыніцеся на пяці, дзе можаце даваць канкрэтныя вынікі. Як у Паставах. 

У гутарцы з журналістамі віцэ-прэм'ер выказала

меркаванне, што падбор кадраў у сацыяльнай сферы патрабуе асаблівага падыходу.

– Кадры – гэта ключавое звяно ў функцыянаванні любой галіны. Адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная абарона – гэта праца з усімі пластамі насельніцтва, пачынаючы ад дзяцей і заканчваючы пенсіянерамі. Калі супадае жаданне чалавека рэалізавацца ў канкрэтнай прафесіі і ўменне працаваць з людзьмі, тады атрымліваецца цудоўны вынік. У адваротным выпадку поспеху не будзе. Наша задача – выбудаваць кадравую сістэму ў сацыяльнай сферы так, каб тыя маладыя людзі, якія выбралі для сябе шлях лекара або педагога, ішлі сюды па клічы душы. Нямала важна і тое, каб іх жаданне гарманічна спалучалася з характарам і чалавечымі якасцямі. Цяпер мы робім акцэнт на паступленне ў педагагічныя ВНУ, таму што без добрага педагога не будзе ні добрага лекара, ні добрага слесара.

Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці». Фота БелТА.