ААТ «Даламіт» павінна павысіць эфектыўнасць выкарыстання здабываемых рэсурсаў – А.Косінец

6 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Даламіт" павінна максімальна эфектыўна выкарыстоўваць здабываемыя карысныя выкапні і рэсурсы. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас наведвання прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кампанія здабывае каля 4 млн.т даламіту ў год пры разведаных запасах звыш 700 млн.т, а ўмовы распрацоўкі карысных выкапняў ускладняюцца з-за неабходнасці перавалкі значных аб'ёмаў грунту. Разам з тым здабываемыя рэсурсы, напрыклад гліна і вада, фактычна не выкарыстоўваюцца. Прадпрыемству неабходна ў максімальна кароткія тэрміны пашырыць наменклатуру выпускаемай прадукцыі з даламіту, а таксама прапрацаваць пытанні ўцягвання ў абарот спадарожных рэсурсаў, адзначыў старшыня аблвыканкама. Асноўнай праблемай "Даламіту" застаецца тэхналагічная адсталасць вытворчасці. "Яшчэ пару гадоў, і мы можам атрымаць абсалютна бесперспектыўнае прадпрыемства", - сказаў губернатар. Таму распрацаваная праграма мадэрнізацыі і тэхпераўзбраення ААТ да 2015 года павінна быць скарэкціравана і рэалізавана ў бліжэйшыя два гады. Галоўны акцэнт неабходна зрабіць на абнаўленні тэхналогій і кар'ернай тэхнікі, асваенні выпуску высокатэхналагічнай прадукцыі. Здабываемыя рэсурсы дазваляюць акрамя даламітавай мукі вырабляць абаронены даламіт для металургічнай вытворчасці, сыравіну для выпуску шкла. Патрабуецца таксама прапрацаваць магчымасць выпуску з даламіту магнезіяльнага цэменту. "Каб вызваліць пласт даламіту з-пад зямлі, сёння даводзіцца здымаць пласт гліны да 36 м, так чаму б не вывучыць магчымасць выпуску з яе цэглы", - лічыць Аляксандр Косінец. Разам з тым для традыцыйнай прадукцыі неабходна актыўна шукаць рынкі збыту, у тым ліку за мяжой, дадаў ён. Яшчэ адным інструментам павышэння эфектыўнасці вытворчасці і зніжэння энергазатрат павінна стаць міні-ГЭС. Яна будзе працаваць на грунтавых водах, якія скідаюцца ў Заходнюю Дзвіну. На прадпрыемстве распрацаваны праект будаўніцтва такой станцыі гадавой магутнасцю 6 млн. кВт.г і коштам каля $4 млн. Увод у эксплуатацыю станцыі дазволіць скараціць спажыванне энергіі ўдвая і, адпаведна, знізіць сабекошт прадукцыі. Праект неабходна дапрацаваць з улікам рэалій сённяшняга дня і ўжо да канца года прыступіць да яго рэалізацыі, запатрабаваў старшыня аблвыканкама. Прадпрыемства ўтворана ў 1931 годзе і спецыялізуецца на вытворчасці даламітавай мукі, вапняковай мукі, даламітавага напаўняльніка, мінеральнага парашку і шчэбеню ўсіх фракцый. Сыравіннай базай для прадпрыемства з'яўляюцца радовішчы даламітаў паблізу Віцебска з разведанымі запасамі ў 739 млн.т.-0-