ААТ "Даламіт" мае намер у 2011 годзе асвоіць вытворчасць даламітаў для шкляной прамысловасці

27 жніўня, Мінск /Алена Дзямешкавіч - БЕЛТА/. ААТ "Даломіт" (г.Віцебск) мае намер у 2011 годзе ўсталяваць і ўвесці ў эксплуатацыю тэхналагічную лінію па вытворчасці даломітаў для шкляной прамысловасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Плануецца, што новая лінія дазволіць забяспечыць патрэбнасць у сыравіне шкляных прадпрыемстваў рэспублікі. Вытворчая магутнасць лініі складзе 120 тыс. т прадукцыі ў год. Кошт праекта - Br13 млрд. Акрамя таго, ў 2011-2012 гадах "Даломіт" плануе пачаць будаўніцтва лініі па вытворчасці так званага намерцве спечанага даломіту. Вытворчая магутнасць лініі складзе 30 тыс. т прадукцыі ў год. Асноўным спажыўцом гэтага матэрыялу будзе БМЗ. Асваенне выпуску новай прадукцыі з'яўляецца імпартазамяшчальным праектам. Кошт яго ацэньваецца ў Br40 млрд. Прадпрыемства вядзе актыўную працу па зніжэнні энергаёмістасці вытворчасці як найважнейшай умовы змяншэння сабекошту прадукцыі. У 2011-2014 гадах у цэху №7 плануецца замяніць 5 існуючых млыноў "Аэрафол" (прадукцыйнасцю 60 т у гадзіну кожны) на два вертыкальныя ролікавыя млыны, вытворчыя магутнасці якіх будуць забяспечваць выпуск 380 т прадукцыі ў гадзіну. Увядзенне ў эксплуатацыю ролікавых млыноў дазволіць усталяваць газатурбінныя ўстаноўкі магутнасцю 6 МВт і ў далейшым выпрацоўваць для патрэб прадпрыемства ўласную электраэнергію, а адходзячымі газамі сушыць выпускаемую прадукцыю. Кошт праекта ацэньваецца ў Br120 млрд. Прадукцыя ААТ "Даломіт" рэалізуецца на ўнутраным рынку рэспублікі і экспартуецца. Экспарт прадпрыемства за студзень-ліпень 2010 года павялічыўся на 93,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Так, за сем месяцаў бягучага года было экспартавана 73 тыс. т прадукцыі на суму $1,4 млн. (за сем месяцаў 2009 года - 44,7 тыс. т прадукцыі на суму $713,6 тыс.) Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце займае даламітавая мука. Пуск першай шахтнай печы на прадпрыемстве адбыўся ў 1931 годзе. У цяперашні час гэта адзінае ў Беларусі і найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы даламітавай сыравіны. У 1995 годзе прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства "Даломіт".-0-