ААТ "Даламіт" плануе за 5 гадоў рэалізаваць тры інавацыйныя праекты коштам каля Br200 млрд.
17 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Даламіт" плануе ў 2011-2015 гадах рэалізаваць тры інавацыйныя праекты агульным папярэднім коштам каля Br200 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Іван Бабак.
Сёння акцыянернаму таварыству неабходна вырашаць задачы па скарачэнні вытворчых затрат, у тым ліку па зніжэнні энергаспажывання, а таксама па дыверсіфікацыі вытворчасці і асваенні выпуску новых відаў высокатэхналагічнай прадукцыі. На гэта накіравана распрацаваная на прадпрыемстве праграма інавацыйнага развіцця, якую трэба рэалізаваць у наступную пяцігодку.
У перспектыўных планах - выкананне маштабнага праекта па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасці даламітавай мукі, якая ў структуры таварнай прадукцыі займае каля 60%. Ён прадугледжвае замену дзеючага абсталявання на дзве вертыкальныя ролікавыя млыны для асноўнага памолу даламітавага шчэбню ў муку. Укараненне інавацыйнай тэхналогіі, распрацаванай галіновым інстытутам НДІСМ, дазволіць прадпрыемству знізіць энергаспажыванне прыкладна на 60%, а таксама паменшыць спажыванне паліва амаль на 50%. Акрамя таго, праект прадугледжвае ўвод у эксплуатацыю кагенерацыйнай устаноўкі, якая прызвана забяспечыць гадавую выпрацоўку электраэнергіі ў аб'ёме амаль 100 млн. кВт.г для патрэб прадпрыемства. Зніжэнне энергаспажывання разам з вытворчасцю ўласнай электраэнергіі дасць магчымасць "Даламіту" цалкам задавальняць свае патрэбы ў гэтым відзе энергёрасурсаў, падкрэсліў Іван Бабак. Праект плануецца рэалізаваць у два этапы да 2015 года. Сёння завершана абгрунтаванне інвестыцый, папярэдні кошт праекта ацэньваецца ў суму да Br110 млрд. Паралельна прапрацоўваецца пытанне па прыцягненні інвестыцыйных рэсурсаў для рэалізацыі праекта, у тым ліку замежных крэдытных ліній. Такая праца вядзецца па ўсіх трох перспектыўных інавацыйных праектах.
Яшчэ два праекты звязаны з арганізацыяй вытворчасці новых відаў прадукцыі. Так, прадпрыемства плануе асвоіць выпуск абпаленага даламіту для металургічнай прамысловасці. Праект мае імпартазамяшчальны характар, яго арыентыровачны кошт складзе каля Br30 млрд. Прадпрыемства правяло тэндэр на пастаўку лініі па абпале даламіту, яго вынікі плануецца падвесці ў пачатку 2011 года. Праект мяркуецца рэалізаваць да 2013 года.
Акрамя таго, "Даламіт" сумесна з інстытутам НДІСМ плануе стварыць вытворчасць вапны з даламіту, якая ў далейшым будзе выкарыстоўвацца для выпуску шырокай гамы будаўнічых матэрыялаў (блокаў, сілікатычнай цэглы, тынкоўкі і інш.). Для гэтага на прадпрыемстве мяркуецца пабудаваць энергаэфектыўную печ хуткаснага абпалу вапны гадавой магутнасцю 140 тыс. т. Канструктарскую дакументацыю на абсталяванне распрацоўвае НДІСМ. Прымяненне энергаэфектыўнай тэхналогіі, а таксама менш энергаёмістай сыравіны (прыродная вільготнасць здабываемага прадпрыемствам даламіту не перавышае 10%, што патрабуе для яго абпалу менш энергёрасурсаў) дае магчымасць выпускаць вапну высокай якасці з добрымі цэнавымі характарыстыкамі, што ў сваю чаргу павінна станоўча адбіцца на канкурэнтаздольнасці выпускаемых з яе будаўнічых матэрыялаў. Праект прыкладным коштам у Br60 млрд. мяркуецца рэалізаваць да 2014 года.
За студзень-лістапад тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў ААТ "Даламіт" склаў 109% да аналагічнага перыяду 2009 года. Чысты прыбытак у студзені-кастрычніку склаў каля Br2 млрд., рэнтабельнасць склалася на ўзроўні 7%.
Прадпрыемства ўтворана ў 1931 годзе і спецыялізуецца на вытворчасці даламітавай мукі, даламітавага шчэбню, мінеральнага парашку для дарожнага будаўніцтва і даламітавага напаўняльніка, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці будматэрыялаў. Сыравіннай базай з'яўляюцца радовішчы даламітаў паблізу Віцебска з разведанымі запасамі ў 739 млн. т. У 1995 годзе прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства "Даламіт". -0-