ААТ «Інвет» мае намер за кошт тэхпераўзбраення павялічыць штогадовую выручку амаль на Br5 млрд.

23 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ) "Інвет" (Бігасава, Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) у выніку рэалізацыі плана тэхнічнага пераўзбраення разлічвае на дадатковае штогадовае паступленне выручкі ў суме каля Br5 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Стратэгічнай задачай акцыянернага таварыства на 2010-2015 гады з'яўляецца забеспячэнне максімальна магчымай загрузкі вытворчых магутнасцей за кошт пашырэння прымянення метаду ратацыйнага фармавання і змены структуры выпуску прадукцыі на карысць найбольш рэнтабельнай. Для дасягнення пастаўленых мэт у бягучым годзе ўстаноўлена трэцяя лінія ратацыйнага фармавання і прэс-формаў для паліўных бакаў коштам 670 тыс. еўра. Гэта дазволіць павялічыць удзельную вагу паліўных бакаў у аб'ёме вытворчасці з 31% у 2009 годзе да 42% да 2015 года. Заказы на іх вытворчасць у ААТ "Інвет" размяшчаюць МТЗ, "Гомсельмаш". Акрамя таго, абапіраючыся на попыт, прадпрыемства мае намер нарасціць вытворчасць боксаў для ўтрымання цялят. Толькі сельгаспрадпрыемствам вобласці ў бягучым годзе запланавана паставіць 8 тыс. боксаў, у іх набыцці таксама зацікаўлены жывёлаводы Краснадарскага краю Расіі. Для павелічэння вытворчасці спажывецкіх тавараў прадпрыемства ў бягучым годзе ўсталявала 4 тэрмапластаўтаматы айчыннай вытворчасці агульным коштам Вr973 млн. і завяршае наладку пятага тэрмапластаўтамата замежнай вытворчасці коштам больш Br400 млн. У студзені-маі бягучага года тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці ў супастаўных цэнах склаў 122,2% да аналагічнага перыяду мінулага года. Рэнтабельнасць вытворчасці перавысіла 12%, экспарт у параўнанні з пяццю месяцамі мінулага года вырас на 26%. ААТ "Інвет" з'яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Вырабляе сродкі тэхнічнай арганізацыі дарожнага руху, вырабы для вертыкальнага азелянення вуліц, камплектуючыя для машынабудавання, тавары народнага спажывання - усяго каля 200 найменняў вырабаў. На прадпрыемстве ўкаранёна і дзейнічае сістэма менеджменту якасці СТБ ІSО 9001.-0-