ААТ «КІМ» не выканаў умоў прадастаўлення дзяржпадтрымкі - КДК

11 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці выявіў парушэнні заканадаўства па выплаце падаткаў у адкрытым акцыянерным таварыстве "Класіка індустрыі моды" ("КІМ"), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК вобласці. ААТ атрымала значную дзяржаўную падтрымку, у тым ліку на набыццё сыравіны і матэрыялаў для вытворчасці. Гэта дазволіла таварыству, якое атрымала за 2008 год страты ад рэалізацыі, у 2009 годзе атрымаць прыбытак ад рэалізацыі, а таксама скараціць памеры чыстых страт. Разам з тым прадпрыемства не выконвала ўсе ўмовы прадастаўлення дзяржпадтрымкі па дасягненні даведзеных паказчыкаў. Акрамя таго, выяўлены парушэнні заканадаўства па выплаце падаткаў: у банк прад'яўляліся плацежныя даручэнні на выплату падаходнага падатку ў сумах меншых, чым сумы ўтрыманага падатку ад налічанай заработнай платы. КДК таксама адзначыў нізкі ўзровень зарплаты і высокую плынь кадраў: штогадовая змена рабочых, спецыялістаў і кіраўнікоў складае 20%. ААТ ажыццяўляла штомесячныя выплаты заработнай платы гатовай прадукцыяй па заявах работнікаў, якія складалі ад 4% да 7% налічанага фонду аплаты за месяц. Доля вырабаў з давальніцкай сыравіны застаецца значнай, пры тым што гэта менш прыбыткова, чым выпуск вырабаў з уласнай сыравіны. Адзначаны выпадкі, калі кошт пражы, якая пастаўляецца давальнікамі ў якасці аплаты за паслугі, быў даражэйшы за кошт іх давальніцкай пражы на 17-30%. Пры вострым недахопе ўласных абаротных сродкаў у таварыства мелася пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў Расійскай Федэрацыі. Па дадзеных на 1 жніўня бягучага года, яна склала Br1,2 млрд. На думку спецыялістаў КДК, важным фактарам, які абмяжоўвае выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, з'яўляецца высокі ўзровень зносу тэхналагічнага абсталявання. Пры гэтым на прадпрыемстве не прымаліся дзейсныя меры па своечасовым уводзе ў эксплуатацыю новага абсталявання. Гэта прывяло да неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца на яго набыццё. Таварыствам прымянялася састарэлае цеплавое абсталяванне, якое маральна і фізічна зношана і патрабуе замены, аднак энергазберагальныя мерапрыемствы не выконваліся. Значныя сумы абаротных сродкаў штомесяц адцягваліся ў запасы гатовай прадукцыі, якія перавышалі даведзены канцэрнам "Беллегпрам" нарматыў. Выкананне задання па запасах на справаздачныя даты - 1 студзеня і 1 ліпеня - было забяспечана за кошт паставак у папярэднія два месяцы у свае фірменныя крамы значных аб'ёмаў прадукцыі. Так, у лістападзе мінулага года адгружана прадукцыі ў 8 разоў больш за сярэднямесячны аб'ём паставак за студзень-кастрычнік, у снежні - у 9 разоў больш. У маі і чэрвені бягучага года аб'ёмы адгрузак перавысілі ў 3 і 2,5 раза сярэднямесячныя аб'ёмы за студзень-красавік, пры гэтым у ліпені крамамі праведзены вяртанне прадукцыі на Br380 млн. Па выніках праверкі два чалавекі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, выдадзена прадпісанне на ўстараненне парушэнняў.-0-