ААТ «Нафтан» выдаткае на ўстаноўку комплексу запаволенага каксавання 700 млн долараў.

20 верасня, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" выдаткуе на ўстаноўку комплексу запаволенага каксавання $700 млн. Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перспектыўнага развіцця і інвестыцый канцэрна "Белнафтахім" Дзмітрый Аўрач, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. Праект уключае ў сябе будаўніцтва ўстаноўкі запаволенага каксавання, установак па вытворчасці вадароду і серы, а таксама рэканструкцыю дзвюх установак гідраачысткі. Гэта дазволіць Наваполацкаму нафтаперапрацоўчаму заводу павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 92%. Праект плануецца рэалізаваць да 2015 года, агульны яго кошт складзе $700 млн. У Мазырскім НПЗ пабудавалі ўстаноўку гідраачысткі дызельнага паліва, што дазваляе прадпрыемству выпускаць аўтамабільнае паліва стандарту Еўра-5. У найбліжэйшай будучыні плануецца ўсталяваць комплекс глыбокай перапрацоўкі цяжкіх нафтавых рэшткаў. Кошт праекта ацэньваецца ў паўтара мільярда долараў. У цяперашні час ужо заключаны першыя кантракты з пастаўшчыкамі абсталявання. Прадстаўнік "Белнафтахіма" адзначыў, што асноўная задача нафтаперапрацоўчых заводаў у Беларусі - дасягнуць глыбіні перапрацоўкі нафты на ўзроўні вядучых сусветных прадпрыемстваў, г.зн. звыш 90%.-0-