ААТ «Нафтан» адзначае сваё 50-годдзе, і гэта знакавая падзея не толькі для заводчан, але і для Наваполацка, вобласці і ўсёй рэспублікі
Характэрна, што менавіта ААТ «Нафтан» стала горадаўтваральным прадпрыемствам для наваполачан, і што асабліва важна – стартавай пляцоўкай для развіцця айчыннай нафтаперапрацоўчай прамысловасці. За паўвека заводам перапрацавана больш за 700 мільёнаў тон нафты і ў свой час быў атрыманы першы беларускі бензін.
Падводзячы вынікі 2012 года, варта адзначыць, што магутнасці прадпрыемства былі максімальна загружаны, аб'ём перапрацоўкі склаў 10,6 мільёна тон нафты, якая пастаўлялася з Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, дадаткова вялася перапрацоўка альтэрнатыўных відаў нафтавай сыравіны.
У сваю чаргу завод «Палімір» ААТ «Нафтан» за мінулы год перапрацаваў звыш 527 тысяч тон вуглевадароднай сыравіны, прычым 65 працэнтаў ад агульнай загрузкі паступала з галоўнага прадпрыемства. Паліміраўцамі выпушчана амаль 139 тысяч тон поліэтылену высокага ціску і больш за 61 тысячу тон хімічных валокнаў.
Большая частка прыбытку для ўсяго канцэрна атрымана ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт. Рынкі збыту – краіны СНД і ЕС, Кувейт, Манголія – усяго больш за 30 дзяржаў. Экспарт хімічнай прадукцыі склаў больш за 79 працэнтаў.
Сёння ААТ «Нафтан» актыўна працуе над развіццём уласнай вытворчасці. У 2012 годзе ўведзена ў эксплуатацыю ўстаноўка нізкатэмпературнай ізамерызацыі бензінаў па тэхналогіі «Пенекс», якая дазволіла павялічыць да 90 працэнтаў долю вытворчасці высокаактанавых бензінаў марак, якія адпавядаюць стандартам Еўра-4 і Еўра-5. Таксама пачата эксплуатацыя новага вакуумнага блока ўстаноўкі «Висбрекинг» для вытворчасці нафтапрадуктаў з больш высокім дабаўленым коштам. Вядуцца будаўніча-мантажныя работы на ўстаноўцы АТ-8 з адначасовай пастаўкай тэхналагічнага абсталявання. Дадзены аб'ект дазволіць павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі нафты да 12 мільёнаў тон у год.
ААТ «Нафтан» працягвае рэалізоўваць намечаную праграму рэканструкцыі і мадэрнізацыі прадпрыемства, фінансуючы яе за кошт уласных і прыцягнутых грашовых сродкаў. Самы буйны інвестыцыйны праект у гісторыі нафтагіганта – будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання, пуск якога запланаваны на канец 2015 года. Увод новага аб'екта дазволіць істотна павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты – мінімум да 92 працэнтаў, а таксама выпускаць новы прадукт – нафтавы кокс (больш за 460 тысяч тон у год), які запатрабаваны цэментнай і алюмініевай прамысловасцю, энергетыкай.
У цяперашні час вядуцца перамовы па рэалізацыі маштабнага інавацыйнага праекта – «Будаўніцтва новага нафтахімічнага комплексу ЭП-200» на заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан», які дазволіць вырабляць 200 тысяч тон этылену ў год.
Акцыянернае таварыства старанна працуе і над пашырэннем асартыменту прадукцыі, папаўняючы яго ў тым ліку інавацыйнымі распрацоўкамі, адны з апошніх – экалагічна палепшаныя аўтамабільныя бензіны, дызельнае паліва з паніжанай гранічнай тэмпературай фільтрацыі і многае іншае. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме за мінулы год склала каля 33 працэнтаў.
Пры ўсіх гэтых вытворчых задачах не забываюць тут і пра сацыяльнае дабрабыт калектыву. Для нафтанаўцаў і іх сем'яў створаны ўсе неабходныя ўмовы і матэрыяльная база для аздараўлення і адпачынку. Прадпрыемства мае ўласныя Палац водных відаў спорту і Палац культуры, спорткомплекс, санаторый, гасцініцу, базу адпачынку, дзіцячыя сады і аздараўленчыя лагеры. І клопат пра сваіх працаўнікоў – яшчэ адзін складнік іміджу «Нафтана».