ААТ «Нафтан» прыступіла да рэалізацыі праграмы развіцця прадпрыемства на 2010-2015 гады
5 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" прыступіла да рэалізацыі праграмы развіцця прадпрыемства на перыяд 2010-2015 гадоў. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Акцыянернае таварыства сёння загружана сыравінай для перапрацоўкі крыху больш чым на 60%. Аднак ад рэканструкцыі яно не мае намеру адмаўляцца. Праграма складаецца з 5 блокаў і ўключае 26 інвестыцыйных праектаў. Яе агульны кошт складае каля $1,4 млрд. Асноўным аб'ектам праграмы "Нафтан 2010-2015" з'яўляецца будаўніцтва комплексу глыбокай перапрацоўкі прадукцыйнасцю 1,6 млн.т у год сумесі вакуумных рэшткаў, прапанавага дэасфальтызату і рэшткавага прадукту вісбрэкінгу. Акрамя таго, упершыню ў Беларусі будзе пачата вытворчасць нафтавага кокса.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, рэалізацыя праграмы дазволіць "Нафтану" наросціць аб'ём перапрацоўкі нафты да 12 млн.т і павялічыць глыбіню перапрацоўкі з 71% да 93%.
ААТ "Нафтан" арыентавана на перапрацоўку расійскай нафты, аднак у сувязі са змененымі ўмовамі пастаўкі сыравіны прадпрыемства вядзе працу па пошуку іншых пастаўшчыкоў.
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Завод спецыялізуецца на выпуску паліўна-алейнай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў, у тым ліку масла, бензіны, дызельнае паліва стандарту Еўра-4 і Еўра-5. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША. У канцы 2008 года адбылося далучэнне ААТ "Палімір" да ААТ "Нафтан" і быў створаны нафтахімічны комплекс.-0-