ААТ «Аршааграпрамаш» будзе ствараць сумесную вытворчасць па выпуску абаротных плугоў

27 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам і Аршанскі гарвыканкам распрацоўваюць план развіцця прамысловых прадпрыемстваў Оршы, паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У прыватнасці, кіраўніцтву ААТ "Оршааграпраммаш" даручана ў найкароткія тэрміны распрацаваць бізнес-план стварэння сумеснай вытворчасці па выпуску абаротных плугоў, а таксама прапрацаваць з ААТ "Амкадор" пытанне стварэння сумеснай вытворчасці 25-тоннага аўтамабіля. "Прамысловым прадпрыемствам пара пераходзіць ад выпуску камплектуючых да асваення гатовай канкурэнтаздольнай прадукцыі", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Занепакоенасць выканаўчай улады выклікае бягучы стан спраў на адкрытым акцыянерным таварыстве "Оршааграпраммаш", рэспубліканскіх унітарных прадпрыемствах "Аршанскі інструментальны завод", "Чырвоны баец", "Аршанскі льнокамбінат". На думку старшыні аблвыканкама, тут вядзецца недастатковая работа па развіцці інавацыйных вытворчасцей, прыцягненні інвестыцый, развіцці тавараправодзячай сеткі і асваенні новых відаў тавараў народнага спажывання. Так, тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці на прадпрыемствах "Оршааграпраммаш" і "Аршанскі інструментальны завод" за студзень-люты склаў 59,6% і 76,2% адпаведна. Запасы прадукцыі на інструментальным заводзе перавысілі 7 сярэднемесячных аб'ёмаў вытворчасці. У цэлым па вобласці ў студзені-лютым 2009 года прамысловым комплексам вобласці выраблена прамысловай прадукцыі ў бягучых цэнах на суму Br2853,4 млрд. Тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 107%. Рашэннем Віцебскага аблвыканкама кіраўнікам прадпрыемстваў даручана на працягу красавіка стварыць аналітычныя групы па стратэгічным планаванні, маніторынгу цэн, а таксама распрацаваць стратэгію развіцця суб'ектаў гаспадарання, звярнуўшы асаблівую ўвагу на іх паскоранае тэхнічнае пераўзбраенне з прыцягненнем замежных інвестыцый і замежных крэдытных ліній, стварэнне сумеснай вытворчасці, укараненне інавацыйных тэхналогій.-0-