ААТ "Аршабудматэрыялы" на 50% сфарміравала партфель заказаў на 2010 год

23 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Аршабудматэрыялы" сфарміравала партфель заказаў на 2010 год ужо больш чым на 50%. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела збыту прадпрыемства Міхаіл Гуськоў. Паводле яго слоў, фарміраванне пераліку заказаў на будучыню з'яўляецца адным з ключавых напрамкаў эфектыўнай працы прадпрыемства. Дзякуючы гэтаму завод будуе доўгатэрміновыя планы дзейнасці, вызначае аб'ёмы выпуску прадукцыі. "Напрыклад, у гэтым годзе на 1 красавіка складскія запасы прадпрыемства складалі 26 тыс. куб.м, або 200% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. На 1 кастрычніка гэтая колькасць упала да 2,5 тыс. куб. м, або 18% пры заданні 30%, - распавёў суразмоўца. - Разгрузіць склады ў першую чаргу ўдалося толькі дзякуючы пастаўкам па загадзя заключаных дагаворах". У цяперашні час каля 40% аб'ёму вытворчасці прадукцыі ААТ "Аршабудматэрыялы" ў натуральным выражэнні экспартуецца ў Расію. Развіццю прысутнасці аршанскага прадпрыемства на рынках расійскіх рэгіёнаў надаецца значная ўвага, падкрэсліў Міхаіл Гуськоў. Так, у 2008 годзе, акрамя ўжо асвоеных Маскоўскай і Смаленскай абласцей, удалося выйсці ў Пскоўскую, Бранскую, Цвярскую вобласці, устаноўлены кантакты ў Калузе, Вялікіх Луках. Зараз вядзецца пошук новых партнёраў у іншых рэгіёнах Расіі. Акцыянернае таварыства "Аршабудматэрыялы" спецыялізуецца на выпуску бетонных блокаў, тратуарных і дарожных бардзюраў, буртавога каменя, керамічных вырабаў. Удзельная вага блокаў - 95% у асартыменце будаўнічых матэрыялаў. Штомесячны аб'ём вытворчасці прадукцыі складае каля 20 тыс. куб. м.-0-