ААТ «Полацк-Шкловалакно» пачало вытворчасць аднамесных шклопластыкавых лодак
4 мая, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. ААТ "Полацк-Шкловалакно" пачало вытворчасць аднамесных шклопластыкавых лодак, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні маркетынгу прадпрыемства.
Новая мадэль лодкі прызначана для рыбалкі і падарожжаў. Параметры бяспекі сродку пацверджаны сертыфікатам ДІМС Беларусі. У прыватнасці, непатапляльнасць лодкі забяспечваецца двума блокамі плавучасці. Пры правядзенні выпрабаванняў цалкам залітую вадой лодку нагружаюць на 40% ад грузападымальнасці, пасля чаго лодка застаецца на паверхні вады. Высакаякаснае ахоўна-дэкаратыўнае пакрыццё пазбаўляе ад неабходнасці штогадовай афарбоўкі і рамонту. Лодка можа транспартавацца на даху абсталяванага дадатковымі прыстасаваннямі легкавога аўтамабіля.
Раней на прадпрыемстве было асвоена выпусканне аналагічных двух- і чатырохмесных лодак, спартыўных вяслярных суднаў: каноэ і байдарак у гоначным і трэніровачным выкананні. Гэтая прадукцыя выпускаецца на вытворчасці шклопластыкавых вырабаў і тавараў народнага спажывання. Штомесяц тут вырабляюць каля 20 лодак.
Лодкі плануецца пастаўляць як на ўнутраны, так і на знешні рынак. У прыватнасці, невялікая партыя адпраўлена ў Расію, вывучаюцца магчымасці паставак у некаторыя краіны СНД. Асартымент выпускаемых лодак на прадпрыемстве плануецца пашырыць.
ААТ "Полацк-Шкловалакно" спецыялізуецца на выпуску шкловалакна і вырабаў з яго: электраізаляцыйных і канструкцыйных шклотканін, будаўнічых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў і інш. Амаль 90% вырабленай прадукцыі адпраўляецца на экспарт больш чым у 40 краін. Першая чарга прадпрыемства была ўведзена ў строй у 1958 годзе. У 2003 годзе вытворчае аб'яднанне ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. На прадпрыемстве працуюць звыш 4,5 тыс. чалавек.-0-