ААТ "Полацк-Шкловалакно" пачало выпуск базальтавага валакна па ўласнай тэхналогіі
ААТ "Полацк-Шкловалакно" распрацавала ўласную тэхналогію вытворчасці базальтавага валакна і прыступіла да выпуску першых партый доследнай прадукцыі, паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Раман Блізнёў.
Укараненне дадзенага інавацыйнага напрамку у дзейнасць ААТ "Полацк-Шкловалакно" пачалося з рэалізацыі праекта па праграме Саюзнай дзяржавы "Сучасныя тэхналогіі і абсталяванне для вытворчасці новых палімерных і кампазіцыйных матэрыялаў, хімічных валокнаў і нітак на 2008-2012 гады".
З дапамогай расійскіх партнёраў была запушчана эксперыментальная печ для атрымання базальтавых нітак і ровінга (пучок з валокнаў, не скручаных паміж сабой) з прыроднага матэрыялу - экструдзіўных магматычных горных парод са стабільным складам. У далейшым спецыялісты полацкага прадпрыемства сваімі сіламі значна ўдасканалілі прапанаваны ім базавы прататып.
"Нашы спецыялісты распрацавалі новую канструкцыю шчылінных падач для выпрацоўкі базальту. Тэхнічныя рашэнні прадугледжваюць устаноўку печы на тры прадзільныя вочкі замест адной, павелічэнне прадукцыйнасці за кошт большай плошчы печы, павелічэнне тэрміну яе службы і эканомію газу. Пры гэтым на ўстаноўцы працуе адзін аператар з вышэйшай кваліфікацыяй - 6-га разраду. У абавязкі шкловара, які абслугоўвае печ па вытворчасці крэмнезёмавых нітак, цяпер уваходзіць і кантроль за працэсамі у новай печы", - растлумачыў Раман Блізнёў.
Інвестыцыі склалі каля Br5,5 млрд. Вытворчая магутнасць мадыфікаванай устаноўкі вырасла ў некалькі разоў і сёння складае 560 т базальтавага валакна ў год. Распрацоўка канструктараў і тэхнолагаў ААТ "Полацк-Шкловалакно" уведзена ў эксплуатацыю нядаўна - 29 лютага, і за 10 дзён выкарыстання на ёй ужо выраблена каля 11 т прадукцыі. Базальтавыя валокны ў 10 разоў танчэйшыя за валасок, пры гэтым яны экалагічныя, даўгавечныя, устойлівыя нават у агрэсіўных асяроддзях, зусім не гараць, сплавы самой пароды не гіграскапічныя і не вылучаюць вільгаці. У ААТ асвоена вытворчасць таварнага ровінга і нітак, напрацаваны першыя партыі тканіны з базальтавага валакна, доследныя ўзоры нятканых іглапрабіўных матэрыялаў і рубленага валакна. Ёсць тэхнічныя ўмовы вытворчасці, але ў выніку ўсе прадукты таксама будуць праходзіць сертыфікацыю. Сфера прымянення тавару шырокая - ад нафтагазавай і хімічнай прамысловасці да аўтамабілебудавання, будаўніцтва і ЖКГ (напрыклад, выраб арматуры, сетак і палотнаў для узмацнення асфальтабетонных пакрыццяў; у якасці цепла- і тэрмаізаляцыі для абсталявання і пры правядзенні работ, а таксама як фільтр для ачысткі газаў ад пылу на металургічных заводах). Спецыялісты па збыце вывучаюць рынак, ужо маецца месячны пакет доследных заказаў на асартымент прыкладна з 10 найменняў. Чакаецца, што прадукцыя будзе запатрабавана ў першую чаргу ў Беларусі і Расіі. Ужо ёсць цікавасць з боку тайваньскіх партнёраў, куды да канца сакавіка будзе адпраўлена першая партыя валакна для вытворчасці ізаляцыйнага мата. Плануюцца пастаўкі ровінга ў Еўропу.
Адкрытае акцыянернае таварыства "Полацк-Шкловалакно" - адзін з вядучых вытворцаў шкловалакна і прадукцыі на яго аснове. Гэта сучасны прамысловы комплекс плошчай 1 млн
кв.м з больш чым 1 тыс. адзінак спецабсталявання і 4 тыс. работнікаў. Супрацоўнічае з партнёрамі з больш чым 50 краін. Звыш 90% прадукцыі накіроўваецца на экспарт.Кацярына Князева, БЕЛТА.