ААТ "Полацк-Шкловалакно" прадстаўляе прадукцыю на выставе "Kompozit Istanbul 2010" у Турцыі

10 чэрвеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. ААТ "Полацк-Шкловалакно" прадстаўляе прадукцыю на выстаўцы "Kompozit Istanbul 2010" у Турцыі. Яна адкрылася сёння ў Стамбуле і працягнецца да 13 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. На стэндзе ААТ "Полацк-Шкловалакно" дэманструюцца асноўныя групы выпускаемых матэрыялаў - тканіны для дахавых матэрыялаў, цеплаізаляцыі, электраізаляцыі, шклароўнг, будаўнічая сетка, крэмнеземная нітка, рулонны шклапластык, шклапластыкавыя вырабы і іншыя тавары. Як адзначылі ў аддзеле маркетынгу, у цяперашні час прадпрыемства экспартуе ў Турцыю іголкапрабіўныя тканіны, шкланіткі, шклатканіны, шклароўнг. Аднак пастаўкі ажыццяўляюцца ў невялікім аб'ёме, таму прадстаўнікі ААТ "Полацк-Шкловалакно" разлічваюць на наладжванне новых кантактаў з турэцкімі спажыўцамі. Прадпрыемства пастаўляе прадукцыю ў 45 краін свету. Для наладжвання новых гандлёвых кантактаў ААТ "Полацк-Шкловалакно" рэгулярна прымае ўдзел у міжнародных выстаўках. У прыватнасці, у бягучым годзе полацкая прадукцыя дэманстравалася на выстаўках у Расіі, Украіне, Арменіі, Польшчы, ААЭ, ЗША, Кітаі, Францыі, Мексіцы. ААТ "Полацк-Шкловалакно" уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім" і ўяўляе сабой інтэграванае прадпрыемства, якое аб'ядноўвае ў адзіным комплексе тэхналагічныя працэсы апрацоўкі сыравінных матэрыялаў, шклаварэння, выпрацоўкі шклавалакна і яго тэкстыльнай перапрацоўкі, фінішнай апрацоўкі шклатканін і вырабу шклапластыкаў. Спецыялізуецца на выпуску шклавалакна і вырабаў з яго: электраізаляцыйных і канструкцыйных шклатканін, будаўнічых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў, вырабаў крэмнезему, а структурнае падраздзяленне "Шклакампазіт", што ўваходзіць у склад, - на выпуску вудаў, байдарак, лодак і іншых вырабаў са шклапластыку. Амаль 90% прадукцыі экспартуецца. Першая чарга прадпрыемства была ўведзена ў строй у 1958 годзе. У 2003-м вытворчае аб'яднанне пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. На прадпрыемстве працуюць звыш 4,5 тыс. чалавек.-0-