ААТ «Полацк-Шкловалакно» павялічыла выпуск шклопластыкавых лодак на 30%

20 чэрвеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. ААТ "Полацк-Шкловалакно" сёлета павялічыла аб'ём вытворчасці шклопластыкавых лодак на 30%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні маркетынгу прадпрыемства. Выпуск лодак быў пачаты на вытворчасці шклопластыкавых вырабаў і тавараў народнага спажывання прадпрыемства ў 2009 годзе. У цяперашні час тут выпускаюцца тры віды лодак: адна-, двух- і чатырохмясцовыя для прагулак і рыбалкі. Штомесяц вырабляецца каля 30 лодак. Іх корпус выкананы з трывалага шклопластыку, які валодае цеплаправоднасцю дрэва, трываласцю і даўгавечнасцю сталі, вільгацеўстойлівасцю. Высокаякаснае ахоўна-дэкаратыўнае пакрыццё пазбаўляе ад неабходнасці штогадовай афарбоўкі і рамонту. Лодка можа транспартавацца на даху абсталяванага дадатковымі прыстасаваннямі легкавога аўтамабіля. Параметры бяспекі сродкаў пацверджаны сертыфікатам ДІМС Беларусі. У прыватнасці, непатапляльнасць лодкі забяспечваецца двума блокамі плавучасці. Пры правядзенні выпрабаванняў цалкам залітую вадой лодку нагружалі на 40% ад грузападымальнасці, пасля чаго лодка заставалася на паверхні вады. У цяперашні час шклопластыкавыя лодкі рэалізуюцца на ўнутраным рынку, аднак вывучаюцца магчымасці іх паставак у іншыя краіны. У прыватнасці, невялікая партыя адпраўлена ў Расію. У перспектыве асартымент выпускаемых лодак плануецца пашырыць. ААТ "Полацк-Шкловалакно" спецыялізуецца на выпуску шкловалакна і вырабаў з яго: электраізаляцыйных і канструкцыйных шклотканін, будаўнічых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў і інш. Амаль 90% вырабленай прадукцыі адпраўляецца на экспарт больш чым у 40 краін. Першая чарга прадпрыемства была ўведзена ў строй у 1958 годзе. У 2003 годзе вытворчае аб'яднанне пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. На прадпрыемстве працуюць звыш 4,5 тыс. чалавек.-0-