ААТ "Полацктранснафта Дружба" укараніла комплексную сістэму кіравання прадпрыемствам
11 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. ААТ "Полацктранснафта Дружба" ў 2007-2010 гадах укараніла комплексную (інтэграваную) сістэму кіравання прадпрыемствам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны метролаг акцыянернага таварыства Уладзімір Гаўрыленка.
Згодна з дзяржаўнай праграмай "Якасць" на 2007-2010 гады і галіновай праграмай канцэрна "Белнафтахім" прадпрыемства распрацавала і ўкараніла тры сістэмы кіравання на аснове патрабаванняў і палажэнняў міжнародных стандартаў серый ISO 9000, ISO 14000, OHSAS 18000: сістэму кіравання якасцю ў адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ ІСА 9001; навакольным асяроддзем (СТБ ІСА 14001); аховай працы (СТБ 18001).
У 2007 годзе пры падрыхтоўцы да гэтай работы кіраўніцтва прадпрыемства прыняло рашэнне аб распрацоўцы Комплекснай (інтэграванай) сістэмы кіравання прадпрыемствам (КС УКП), якая ўключае тры названыя напрамкі дзейнасці.
Распрацоўку комплекснай сістэмы ААТ "Полацктранснафта Дружба" праводзіла ў цесным дзелавым супрацоўніцтве са спецыялістамі Кансалтынгавага цэнтра ДНПА "АГАТ", створанага пры яго галоўнай арганізацыі - "НДІ сродкаў аўтаматызацыі" (Мінск).
У 2008 годзе была сертыфікавана сістэма кіравання якасцю, у 2009 годзе - аховай працы, у снежні 2010 года - навакольным асяроддзем.
Галоўны метролаг прадпрыемства падкрэсліў, што для выканання вышэйназванай работы запатрабавалася прыцягненне значных рэсурсаў: людскіх, часавых, інтэлектуальных. У падрыхтоўцы зыходных даных і распрацоўцы дакументацыі былі задзейнічаны кіраўнікі і спецыялісты асноўных аддзелаў і структурных падраздзяленняў прадпрыемства, праводзіліся рэгулярныя кансультацыі для ўзаемасувязі распрацоўваемых стандартаў і кіраўніцкіх дакументаў.
Адкрытае акцыянернае таварыства "Полацктранснафта Дружба" - сучаснае высокааўтаматызаванае прадпрыемства нафтахімічнага комплексу Беларусі. З'яўляецца правапераемнікам Наваполацкага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па транспарце нафты (НРУПТН) "Дружба", ператворанага ў ААТ "Полацктранснафта Дружба" у канцы 2010 года. Асноўная задача акцыянернага таварыства - транспарціроўка расійскай нафты з Заходне-Сібірскага рэгіёну, Татарстана і Паволжа ў Беларусь (ААТ "Нафтан"). Нафтаправоды, якія эксплуатуюцца арганізацыяй, дазваляюць таксама ажыццяўляць транзітную транспарціроўку нафты ў краіны Балтыі.-0-