ААТ "Паставымебель" асвоіла вытворчасць новых вучнёвых камплектаў
14 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Паставымебель" асвоіла вытворчасць новых вучнёвых камплектаў мэблі для школ, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Зямчонак.
Прадукцыя ўяўляе сабой парту і два крэслы, галоўная асаблівасць якіх заключаецца ў магчымасці рэгулявання нахілу стальніцы, глыбіні сядзення і вышыні ножак. Магчымасць адрэгуляваць мэблю пад фізіялагічныя параметры школьнікаў дазволіць знізіць рызыку развіцця зніжэння вастрыні зроку, скаліозу пазваночніка і г.д. Акрамя таго, мэбля выканана з закругленнем усіх вуглоў, што зніжае магчымасць траўматызму, а таксама афарбавана экалагічна чыстай і зносаўстойлівай парашковай фарбай яркіх адценняў.
У запатрабаванасці новай прадукцыі кіраўнік прадпрыемства не сумняваецца. "Ужо заключана дамоўленасць на пастаўку 200 камплектаў для новай школы ў мікрараёне Білева Віцебска", - адзначыў суразмоўца. З 2010 года вытворчасць такіх вырабаў будзе пастаўлена на паток. Першапачаткова плануецца выпускаць па 500 камплектаў у месяц, што складзе траціну ўсяго аб'ёму школьнай мэблі.
У студзені-жніўні прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br4,3 млрд., што на 16% вышэй за аналагічны ўзровень мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі склала 12,2%. На экспарт было пастаўлена мэблі на $232 тыс. Асноўная частка прыпала на Казахстан, куды прадпрыемства адправіла чатыры вагоны школьнай мэблі на $150 тыс. Пастаўкі таксама ажыццяўляліся ў Расію і Латвію. У планах на 2010 год - выйсці на рынкі Літвы і Украіны, а таксама развіваць працу з расійскімі рэгіёнамі.
Сяргей Зямчонак адзначыў, што прадпрыемства пастаянна мадэрнізуецца. Так, толькі за апошнія тры гады інвестыцыі ў асноўны капітал склалі каля Br1,5 млрд. За кошт гэтых сродкаў набыта новае абсталяванне для цэхаў па вытворчасці корпусной мэблі, металаканструкцый, апрацоўцы масіўнай драўніны і асвоены выпуск мэблевых фасадаў МДФ. У наступным годзе Br150 млн. будзе накіравана на набыццё сучаснага абсталявання для вырабу зрубаў з ацыліндраванага бруса.
Прадпрыемства заснавана ў 1980 годзе. Спецыялізуецца на праектаванні і вытворчасці школьнай і бытавой мэблі (па 50% аб'ёму вытворчасці). Асартымент прадукцыі перавышае 100 найменняў. Агульная колькасць працаўнікоў - больш за 200 чалавек.-0-