ААТ «Віцебскія дываны» арганізуе вытворчасць новага для Беларусі тыпу дывановых пакрыццяў
ААТ "Віцебскія дываны" плануе рэалізаваць у 2013-2015 гадах інавацыйны праект па ўкараненні новай тэхналогіі вытворчасці жаккардавых дывановых пакрыццяў. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне "Беллегпрам".
Аб'ём фінансавання праекта ў 2013 годзе са сродкаў інавацыйнага фонду складае Br7,9 млрд., з уласных сродкаў арганізацыі спатрэбіцца Br1,9 млрд. Праект прадугледжвае ўкараненне тэхналогіі і асваенне выпуску двухпалатнога жаккардавага дывановага вырабу і пакрыццяў супершэгі з вышынёй ворсу да 70 мм. Такая прадукцыя ў Беларусі яшчэ не вырабляецца, удакладнілі ў канцэрне.
ААТ набые абсталяванне і ўкараніць тэхналогіі для асваення новага канкурэнтаздольнага асартыменту тканых дывановых пакрыццяў з поліпрапіленавых нітак з разрэзным ворсам. Чакаецца, што эканамічны эфект ад гэтага праекта складзе Br600 млн. у год. Экспарт новых дываноў прагназуецца на ўзроўні 56,3% ад аб'ёмаў вытворчасці. Даданая вартасць на прадпрыемстве ў 2015 годзе дасягне $23,5 тыс. Гэта перавышае аналагічны паказчык у цэлым па тэкстыльнай і швейнай галіне рэспублікі, дзе ён запланаваны на ўзроўні не менш за $21 тыс., сказалі ў канцэрне.
У "Беллегпраме" пры гэтым адзначылі, што дадзены інавацыйны праект абраны на аснове адкрытага конкурснага адбору з вялікага пераліку іншых прапаноў, якія будуць фінансавацца з інавацыйнага фонду на 2013 год. Усяго па конкурсе вызначана 25 праектаў канцэрна з 27 работ. Іх агульны кошт - Br44,4 млрд. пры планавым аб'ёме інавацыйнага фонду на 2013 год - Br19,7 млрд.
У пералік таксама ўвайшлі 11 навукова-даследчых праектаў па распрацоўцы інавацыйных тэхналогій у лёгкай прамысловасці, 7 праектаў па стварэнні новай прадукцыі або ўдасканаленні тэхналогій, 6 - па інфармацыйным суправаджэнні інавацыйнай дзейнасці. Іх выканаўцамі з'яўляюцца Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Цэнтр навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці, РУПТП "Аршанскі льнокамбінат", адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Гронітэкс", "Магатэкс", "Лента", "Белфа", "Сукно", "Цэнтр моды", "Палессе", "8 Сакавіка", "КІМ", "Лідская абутковая фабрыка", "Мінскі эксперыментальны фурнітурны завод", РУП "Веткаўская баваўняная фабрыка".
У адпаведнасці з палажэннем аб парадку правядзення адкрытага конкурсу ў канцэрне адбылася экспертыза заяўленых праектаў (работ). Па ўмовах конкурсу яны павінны адпавядаць прыярытэтным напрамкам навукова-тэхнічнай дзейнасці ў лёгкай прамысловасці. Яны накіраваны на развіццё і ўдасканаленне тэхналогій у вытворчасці і аздабленні тэкстыльных, трыкатажных і швейных вырабаў, вытворчасці абутку, скур, скурных тавараў, мехаў, галантарэйных, фурнітурных і фарфорава-фаянсавых вырабаў, перапрацоўцы адходаў. Праекты павінны ўключаць долявы ўдзел у фінансаванні работ арганізацыі-выканаўцы.
У цяперашні час сфарміраваны канцэрнам пералік накіраваны на ўзгадненне ў Міністэрства эканомікі і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі.
БЕЛТА