ААТ «Віцебскія дываны» прэзентавала новую калекцыю дываноў, прысвечаную 80-годдзю вызвалення Беларусі

ОАО «Витебские ковры» презентовало новую коллекцию ковров, посвященную 80-летию освобождения Беларуси
Новую калекцыю дываноў, прысвечаную 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадставіла ААТ «Віцебскія дываны». У аснову экспанатаў ляглі фатаграфіі, на якіх зафіксаваны імгненні Вялікай Айчыннай вайны: баявыя дзеянні, віды разбуранага горада, побыт партызан, радасныя моманты Перамогі, а таксама гістарычныя знакавыя месцы, мемарыяльныя комплексы.

 

– Ствараючы гэту калекцыю, мы хацелі зафіксаваць падзеі ваенных гадоў і пакінуць памяць пра іх для нашых нашчадкаў, – адзначыў дырэктар ААТ «Віцебскія дываны» Арцём Лаханкін. – Экспанаты застануцца ў музеі прадпрыемства.

– Тэма вайны для нас усё яшчэ актуальная, і мы стварылі калекцыю з трагічных вобразаў мінулага, дзе пастараліся нагадаць людзям і перадаць падрастаючаму пакаленню той боль, жахі і трагедыю мінулых часоў, – патлумачыла начальнік аддзела дызайну Любоў Міхайлава. – Многія лёсы былі зламаныя, душы параненыя, вайна скалечыла жыцці мільёнаў, мы страцілі родных, блізкіх, краіна – таленавітых і ўнікальных людзей. Без памяці пра мінулае няма светлай будучыні, яна патрэбна для таго, каб надалей не паўтараліся трагічныя памылкі. Гэтыя карціны створаны ў знак павагі да людзей, якія з верай у перамогу падарылі нам жыццё. Дзякуючы мастацтву мы можам пакінуць пасланне нашым нашчадкам, каб яны даведаліся гістарычную праўду, адчулі веянне і атмасферу папярэдніх эпох.

 

 Калекцыя будзе даступная для ўсеагульнага агляду, яе ўбачаць удзельнікі Форуму рэгіёнаў, госці, якія наведаюць прадпрыемства ў рамках прамысловага турызму, і ўсе ахвотныя.

Напярэдадні правядзення Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэрыторыі ААТ «Віцебскія дываны», дзе будзе працаваць дыялогавая пляцоўка, адкрыўся арт-аб'ект «Лаўка-дыван». Падзея прымеркавана таксама да 120-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі. У адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі аблвыканкама, адміністрацыі Першамайскага раёна і прадпрыемства.

 

 

Лаўка ў выглядзе дывана, выкананая ў тэракотавым і белым колерах, стане месцам адпачынку работнікаў і зможа працаваць як фотазона.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"