ААТ «Віцебскія дываны» прыступіла да сертыфікацыі сваёй прадукцыі ў Еўрасаюзе
19 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ) "Віцебскія дываны" прыступіла да сертыфікацыі сваёй прадукцыі ў Еўрасаюзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара акцыянернага таварыства па камерцыйных пытаннях Сяргей Калеснікаў.
Атрыманне еўрапейскага сертыфіката якасці дазволіць прадпрыемству павялічыць экспарт і стаць паўнапраўным гульцом на еўрапейскім рынку дываноў. У цяперашні час прадукцыя акцыянернага таварыства экспартуецца ў Расію, Украіну, Малдову, Кыргызстан, Казахстан, Таджыкістан, краіны Балтыі. З атрыманнем сертыфіката ЕС гэты спіс могуць папоўніць Румынія і Фінляндыя, у якіх пакупнікі ўжо праявілі цікавасць да віцебскіх дываноў.
Каля 70% выпушчанай прадукцыі акцыянернае таварыства адпраўляе за мяжу. Па выніках 10 месяцаў бягучага года аб'ём экспартных паставак ацэньваецца ў $22,6 млн. Да канца года аб'ём вытворчасці плануецца давесці да 9,4 млн. кв.м дывановых вырабаў, прытым што ў 2009 годзе прадпрыемства вырабіла 7,5 млн. кв.м дываноў. Тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці па выніках 10 месяцаў бягучага года склаў 113,8% да аналагічнага перыяду мінулага года.
Праектам развіцця прадпрыемства на бліжэйшыя пяць гадоў прадугледжана павелічэнне на 44% аб'ёмаў вытворчасці дывановых вырабаў у 2015 годзе да ўзроўню 2011 года. На думку Сяргея Калеснікава, гэты план з'яўляецца выканальным. Толькі на працягу 2008-2010 гадоў у мадэрнізацыю абсталявання накіравана Br29 млрд. Гэта дазволіла "Віцебскім дыванамі" асвоіць усе віды прадукцыі, якая вырабляецца машынным спосабам, - ад сінтэтычных прашыўных дывановых пакрыццяў да высокашчыльных тканых дываноў з ручной стрыжкай рэльефных малюнкаў, і значна павялічыць прадукцыйнасць працы. Каларыстычная гама віцебскіх дываноў дзякуючы новаму абсталяванню складаецца з 8 колераў. Сяргей Калеснікаў таксама дадаў, што асноўнымі пастаўшчыкамі сыравіны для прадпрыемства з'яўляюцца беларускія вытворцы.
Адкрытае акцыянернае таварыства "Віцебскія дываны" з'яўляецца прадпрыемствам змешанай формы ўласнасці без замежнага ўдзелу з пераважнай доляй дзяржавы (51,1%) ва ўстаўным фондзе. Уваходзіць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна лёгкай прамысловасці. -0-