ААТ «Віцебскія дываны» з пачатку года экспартавала прадукцыі на $19,7 млн.

26 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскія дываны" з пачатку 2011 года экспартавала прадукцыі на $19,7 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Сяргей Колесник.

Тэмп росту экспартных паставак па выніках сямі месяцаў бягучага года да аналагічнага перыяду 2010 года склаў 120,8% пры станоўчым сальда знешнегандлёвага абароту $7,4 млн.

Як адзначыў Сяргей Колесник, акцыянерным таварыствам створана за мяжой разгалінаваная гандлёвая сетка, якая ўключае як фірменныя крамы, так і дылерскія сеткі. У ліпені прадпрыемства адкрыла ў Туле фірменную краму, якая стала пятай па ліку ў Расійскай Федэрацыі. У Беларусі працуюць 19 гандлёвых аб'ектаў пад вывескай "Віцебскія дываны". Як адзначыў Сяргей Колесник, прадпрыемства мае намер і далей развіваць фірменную гандлёвую сетку ў Расіі і Беларусі, адкрываючы не менш адной крамы ў квартал.

На рынках іншых дзяржаў "Віцебскія дываны" працягнуць працу па пашырэнні дылерскіх сетак і павелічэнні колькасці аптовых пакупнікоў. У цяперашні час дзякуючы дзеючай сетцы продажаў за мяжой акцыянернае таварыства ажыццяўляе стабільныя пастаўкі прадукцыі ў Казахстан, Украіну, Кіргізію, Таджыкістан, Туркменістан, Малдову, Румынію, Латвію, Літву.

"Віцебскія дываны" не згортваюць праграму тэхнічнага пераўзбраення і працягваюць пашыраць асартымент імпартазамяшчальнай прадукцыі і павялічваць яе аб'ёмы. Калі ў 2010 годзе прадпрыемствам было выраблена 9,5 млн. кв.м дывановых пакрыццяў, то да канца 2011-га "Віцебскія дываны" маюць намер нарасціць вытворчасць да 10 млн. кв.м. За апошнія два гады асвоены прынцыпова новыя пакрыцці і вырабы тыпу скрол з камбінаваным ворсам, які стварае аб'ёмны малюнак; тканыя і прашыўныя пакрыцці і вырабы тыпу шагі з высокім разрэзным ворсам з моцна скручанай і тэрмічна апрацаванай каляровай ніткі фрызэ; тканыя дываныя пакрыцці і вырабы з ворсавай асновай поліпрапіленавых нітак BCF, Heat-set і Frize; цыноўкі з сінтэтычных нітак. Да канца бягучага года "Віцебскія дываны" маюць намер правесці замену дзвюх адзінак ткацкіх станкоў на новыя - больш прадукцыйныя і менш энергазатратныя. Акрамя таго, прадпрыемства працягне працу па пашырэнні палітры выпускаемых вырабаў.

Перспектыўны план тэхпераўзбраення акцыянернае таварыства будзе будаваць зыходзячы з сусветных тэндэнцый у дыванаткацкай вытворчасці. У канцы верасня ў Іспанію на спецыялізаваную выставу сучаснага абсталявання і тэхналогій адправіцца дэлегацыя прадпрыемства з тым, каб вызначыць далейшую стратэгію развіцця вытворчасці.

Дывановае прадпрыемства ў Віцебску было заснавана ў 1947 годзе, ператворана ў ААТ у 1994 годзе. Дзяржаве належыць 51,1% акцый. Уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам". У цяперашні час "Віцебскія дываны" асвоілі ўсе віды прадукцыі, якая вырабляецца машынным спосабам. Каларыстычная гама можа быць складзена з васьмі колераў. Каля 70% выпускаемай прадукцыі ідзе на экспарт. На прадпрыемстве працуюць 1,3 тыс. чалавек. Па выніках працы за сем месяцаў 2011 года выраблена прадукцыі ў дзейсных цэнах на Br10,7 млрд., тэмп росту да студзеня-ліпеня 2010 года склаў амаль 180%.-0-