ААТ «Віцебскаблבלён» удастоена міжнароднага прыза «За якасць»
24 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны бізнес-клуб лідараў гандлю (Trade Leader's Clab) прысвоіў ААТ "Віцебскабллен" міжнародны прыз "За якасць" (прыз Новага тысячагоддзя), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Чырык.
ААТ "Віцебскабллен" увайшло ў лік узнагароджаных кампаній дзякуючы даверу замежных партнёраў высокай якасці пастаўляемай прадукцыі. Апошняя грунтуецца на строгай адпаведнасці ўсіх экспартных партый тавару ўстаноўленым патрабаванням. У прыватнасці, кожная з іх фарміруецца ўручную з выкананнем параметраў па колеры, нумары ільнавалакна, чысціні апрацоўкі, даўжыні і трываласці, адзначыў дырэктар.
Паспяховасць экспартнай палітыкі аб'яднання лепш за ўсё пацвярджаюць лічбы: за студзень-красавік ААТ "Віцебскабллен" паставіла на экспарт больш за 1,5 тыс. т ільнавалакна на $1,3 млн., што ў шэсць разоў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Расію, Літву, Славакію, Кітай, Украіну, Чэхію, Бельгію. Рэнтабельнасць продажаў склала 8,7%.
Клуб лідараў гандлю існуе з 1978 года і аб'ядноўвае больш за 7 тыс. кампаній са 112 краін свету. Міжнародны прыз "За якасць" уручаецца штогод на падставе апытання членаў клуба з мэтай заахвочвання філасофіі якасці, якая дапамагае кампаніі дамагчыся перавагі сваёй прадукцыі ці паслуг. Ганаровая ўзнагарода будзе ўручана прадстаўніку ААТ "Віцебскабллен" 11 ліпеня ў Жэневе (Швейцарыя). У ходзе ўрачыстай цырымоніі віцебскае прадпрыемства таксама будзе адзначана залатым медалём "За перавагу прадпрымальніцтва" (Gold Medal for Business Excellence) у знак асаблівага прызнання праведзенай працы.
Сярод мерапрыемстваў, намечаных з нагоды ўручэння прыза, будзе арганізавана дзелавая сустрэча для прэзентацыі ўзнагароджаных кампаній і прадпрыемстваў з мэтай знаёмства і ўсталявання камерцыйных кантактаў паміж удзельнікамі з 35 краін свету.
ААТ "Віцебскабллен" утворана ў 2005 годзе з мэтай аптовага гандлю кароткім і доўгім ільнавалакном, аказання кансультацыйных і транспартных паслуг. У яго склад уваходзяць 19 ільнозаводаў вобласці, на якіх заняты каля 2,1 тыс. чалавек. Сярэдне-спісачная колькасць работнікаў непасрэдна аб'яднання складае 36 чалавек.-0-