ААТ "Сцяг індустрыялізацыі" ў сакавіку-маі павялічыла выпуск ільнянога адзення ў 5 разоў

7 чэрвеня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Віцебскае ААТ "Сцяг індустрыялізацыі" ў сакавіку-маі бягучага года павялічыла выпуск адзення і іншых вырабаў са лёну ў пяць разоў да 15 тыс. штук у параўнанні з аналагічным перыядам 2009-га. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве. Сёлета ільняная прадукцыя прадстаўлена прыблізна 60 мадэлямі, летась іх было каля 40. З лёну шыюць курткі, штаны, брыджы, шорты, сувенірныя сумкі і інш. У асартыменце з'явіліся новыя вырабы, напрыклад блэйзеры і шалікі. Адзенне выпускаецца натуральнага, чорнага, белага колераў і дэкаруецца каляровымі адстрочкамі. Ільняныя вырабы перад паступленнем у продаж праходзяць папярэднюю варку. Гэты тэхналагічны працэс дазваляе спажыўцу пасля мыцця адзення пазбегнуць яго ўсадкі, вырабы становяцца больш мяккімі і прыемнымі на дотык. Для пашыву адзення выкарыстоўваюцца тканіны Аршанскага ільнокамбіната. Традыцыйна ільняныя вырабы адшываюцца ў ААТ "Сцяг індустрыялізацыі" кожную вясну да чарговага летняга сезона. У студзені-маі прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br26,6 млрд. з тэмпам росту да аналагічнага перыяду 2009-га 113,3%. Вытворчасць спажывецкіх тавараў узрасла на 23,2% да Br24,8 млрд. Запасы гатовай прадукцыі на 1 чэрвеня -164,9% да сярэднямесячнага аб'ёму выпуску. Экспарт тавараў і паслуг па выніках пяці месяцаў склаў $3,1 млн. - 123% да студзеня-мая мінулага года. Прадукцыя пастаўляецца ў Расію і Літву. Выручка ААТ у студзені-красавіку ўзросла ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам на 21,3% да Br5,8 млрд. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 5,7%. ААТ "Сцяг індустрыялізацыі" з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў мужчынскага і жаночага верхняга адзення ў Беларусі. Прадукцыя выпускаецца ў асноўным з натуральнай сыравіны і матэрыялаў. ААТ выпускае штогод 380-400 тыс. вырабаў. Уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам". -0-