Абед з палявой кухні, або Як харчуюцца хлебаробы Віцебшчыны
За раёнамі замацаваны абкамы галіновых прафсаюзаў. Іх прадстаўнікі наведаюць усе сельгаспрадпрыемствы, каб не толькі пракантраляваць ход палявых работ і вырашэнне звязаных з імі пытанняў, але і пры неабходнасці дапамагчы. Да 25 жніўня прафсаюзы павінны быць, што называецца, у баявой гатоўнасці і на кругласутачнай мабільнай сувязі, падкрэсліў кіраўнік ВАОП.
У харчаванні сухія пайкі недапушчальныя, а цэны на абеды, з улікам эканамічнай сітуацыі ў кожным з раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў, павінны быць зведзены да мінімуму. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі гатова садзейнічаць гэтаму на Віцебшчыне, падключыўшы чатыры свае аздараўленчыя аб'екты, якія маюцца ў Браслаўскім, Гарадоцкім, Аршанскім і Ушацкім раёнах. Дапаможа ФПБ і ў набыцці найбольш патрэбных гаспадарак двух болераў для ўладкавання душавых у мехмайстэрнях.
Асаблівая ўвага – выкананню патрабаванняў Дырэктывы №1. У абавязкі прафсаюзнага актыву ўваходзіць кантроль за забеспячэннем удзельнікаў найважнейшай сельскагаспадарчай кампаніі спецадожжай і абуткам, сродкамі спецаховы і аптэчкамі, за правядзеннем своечасовых інструктажоў па ахове працы, перадрэйсавых медаглядаў механізатараў, за арганізацыяй неадкладнай меддапамогі.
Галоўнаму тэхнічнаму інспектару працы абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаілу Лобку даручана сумесна з дзяржінспекцыяй, спецыялістамі па ахове працы ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання правяраць выкананне норм бяспечных умоў працы. Маецца на ўвазе недапушчэнне да эксплуатацыі машын і механізмаў, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі і не прайшлі тэхагляд, прыпыненне іх работы пры ўзнікненні пагрозы жыццю і здароўю людзей, адхіленне ад работы ўдзельнікаў уборкі з афармленнем адпаведных дакументаў пры парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Адсутнасць падобных выпадкаў і траўматызму з'яўляецца агульнай умовай пры вызначэнні пераможцаў спаборніцтва.
Старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гутараў адзначыў, што хоць гатоўнасць камбайнаў да палявых работ па вобласці складае 89%, а ў Расонскім і Гарадоцкім раёнах і зусім 71%, уборка павінна быць праведзена якасна. 53 гаспадаркі вобласці абавязаны ліквідаваць запазычанасць па зарплаце за чэрвень.
Для садзейнічання сацыяльным партнёрам ва ўборцы ўраджаю ў аптымальныя тэрміны, дасягненні высокай прадукцыйнасці і якасці працы прэзідыум абкама прафсаюза работнікаў АПК забяспечыць узнагароджанне на Віцебшчыне перадавікоў жніва падзячнымі пісьмамі, прэміямі, падарункамі і сувенірамі. На дадзены момангт па ўраджайнасці збожжавых лідзіруюць Аршанскі, Верхнядзвінскі і Дубровенскі раёны.
Пра камбайнераў пазабоцяцца
Працаздольнасць і настрой удзельнікаў уборачнай кампаніі шмат у чым залежаць ад кухараў, якія забяспечваюць механізатараў абедамі. Яны ўстаюць так жа рана, як і камбайнеры, каб да палудня прыгатаваць і даставіць на поле гарачыя стравы.
На кухні кафэ ААТ «Рудакова» Віцебскага раёна надзейную тылавую падтрымку гарантуюць высокапрафесійныя спецыялісты Марына Зубава, Алена Герасіменкава, Наталля Абухава і Любоў Кузняцова.
Як распавяла начальнік гасцінічнага комплексу гаспадаркі Зінаіда Калеснікава, у перыяд жніва кухары пераходзяць на падоўжаны працоўны дзень. Пакуль для занятых на ўборцы механізатараў рыхтуюць 26 абедаў, але ў пік жніва іх колькасць дасягне шасці дзясяткаў. Падвойныя порцыі першых і другіх страў запраўляюцца ў індывідуальныя кантэйнеры-тэрмасы, якія захоўваюць цяпло да самага далёкага поля.
Разнастайнае меню распрацоўваецца на тыдзень наперад. У дзень нашага прыезду механізатарам прапаноўвалі суп з макаронамі (500 г), рысавую кашу (200 г), рулеты з мяса птушкі (200 г) і падсмажку са свініны (100 г). Плюс агуркі і памідоры з уласнай цяплічнай гаспадаркі, вафельныя батончыкі, мінеральная вада або ліманад. Кошт абедаў у ААТ «Рудакова» складае 10-11 руб. Але ўдзельнікі ўборкі плацяць толькі 24%, асноўная сума пакрываецца за кошт гаспадаркі.
Тым часам жніво ў сельгаспрадпрыемстве набірае абароты. Па словах намесніка дырэктара ААТ «Рудакова» па раслінаводстве і механізацыі Дзяніса Церашкова, усяго трэба абмалаціць 1900 га збожжавых і зернебабовых культур. Чакаецца, што будзе перавышаны запланаваны ўраджай у 45 ц/га. У жніве задзейнічана 11 камбайнаў, сярод іх і два новыя КЗС-1218, якія паступілі сёлета. У залежнасці ад надвор'я яны штодня намалочваюць 300-500 т збожжа. На камбайнах «Ліда» працуюць Ігар Масалаў і Мікалай Шушкевіч, з якім мы разам з раздатчыкамі прывезлі абед у поле. У перыяд уборкі камбайнеры «Рудакова» могуць зарабіць каля 1,5 тыс. руб.
Сяргей ЛЯШУК, Галіна ШПАКОЎСКАЯ. Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА. "Віцебскія весці".