Забяспечанасць гаспадарак Віцебскай вобласці угнаеннямі перавышае ўзровень 2010 года ў паўтара раза

15 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Забяспечанасць гаспадарак Віцебскай вобласці угнаеннямі пад вясновы сеў у 1,5 раза перавышае аналагічны паказчык 2010 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Паводле даных на сённяшні дзень, на палі вывезена каля 6 млн.т арганічных угнаенняў (каля 87% ад задання), што складае больш за 140% да аналагічнага паказчыка мінулага года. Да канца сакавіка плануецца цалкам завяршыць пастаўку мінеральных угнаенняў у гаспадаркі, патрэбы якіх у гэтым відзе угнаенняў пакуль задаволены на 66%. Усяго ў гаспадарках назапашана звыш 172 тыс.т дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, што ў 1,5 раза перавышае ўзровень 2010 года. Цяпер сельгаспрадпрыемствы выбарачна прыступаюць да палявых работ, у прыватнасці падсейваюць шматгадовыя травы, уносяць мінеральныя ўгнаенні ў месцах, дзе дазваляе стан палёў. Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі работ па выбарцы угнаенняў з баз захоўвання аграсэрвісных прадпрыемстваў. Сёлета гаспадаркам вобласці трэба будзе ўпершыню ўнесці каля 7 млн.т толькі арганічных угнаенняў, таму ўжо сёння неабходна арганізаваць эфектыўную падрыхтоўку аператыўнага правядзення гэтых работ у аптымальныя тэрміны. У цэлым гатоўнасць гаспадарак да правядзення пасяўной ацэньваецца вышэй за ўзровень мінулага года, адзначылі ў камітэце па сельскай гаспадарцы. На набыццё насення, угнаенняў і сродкаў абароны раслін, забеспячэнне гаспадарак палівам, рамонт тэхнікі і правядзенне іншых падрыхтоўчых работ накіравана звыш Br400 млрд. бюджэтных сродкаў і крэдытных рэсурсаў.-0-